Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/392

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ад дванаццаці год узьняло яно дзяўчыну на свае шумлівыя, вірыстыя хвалі і пачало гайдаць-насіць, як лёгкую трэсачку, стукаючы аб скалы, аб берагі, паднімаючы на хібы хваль і скідаючы ў іх правальлі. Трэба было мець у спадчыну загартаванае сэрца і ўпартую, непадатлівую душу, каб вытрымаць неміласэрныя поскубы жыцьця. Наталя мела ад натуры носкі, вытрывалы характар, і гэта пасобіла ёй адолець усе перашкоды, абмінуць на шляху ўсе калдабоіны. І калі жыцьцё было для яе саракма пакутамі, то ў іх, у гэтых пакутах, як у горыне, яна к восемнаццаці гадом засталявалася, зьлілася ў моноліт. Ад нянькі, ад пастушкі, праз падзёншчыцу-чорнарабочую — у швачкі, а далей — на завод, ізноў амаль што ня чорнарабочаю. Перашла, абмінула. Вытрымала акзамін. І, помніцца сьвежа-сьвежа, як наіўна зычэлі дзядзькавы словы, калі той, даўшы ёй рэкомэндацыю, папераджаў: «Толькі, Наталька, не пярэч ты майстру; ён гэткі каразьлівы, што да нявіннага слова можа прычапіцца і разьлічыць. Няхай яго халера возьме бяз нас. Лепш болей змаўчы, болей папусьціся — на тваю карысьць». Сьмешна і падзіцячаму: — яна будзе карыцца! Не даждаў ён! Яна знае сабе кошт, сабе, як аднэй з тысячы работніц, гэткіх, як сама, і пастаіць — пастаіць за праўду. На трэці дзень ужо пачаліся сутычкі з майстрам; Наталя рашуча і ўмела адбівала іх. Майстар ня мог прычапіцца, косячы вочы, ківаючы галавою. «Нічога, нічога, — думаў, — правучу». Але момант падыходзіў ня той, каб лёгка можна было «правучваць». На Наталю азіраліся таварышкі ўсяго цэху, а патрошку, далей — і яна стала вядомаю ўсёй фабрыцы, Работніцы прызналі колектыўным розумам яе за перадавога таварыша і колектыўным адзнаньнем даручылі ёй сваё давер’е: выбралі ўпаўнаважаным ад фабрыкі. Не абмыляліся, робячы гэта, нізваньня. Наталя захапілася сваёю роляю, аддалася служэньню рабочай грамадзе і яшчэ больш падкрэсьлівала ім сваю выключную цікавасьць да рэволюцыйнага змаганьня. Нават, дзякуючы гэтаму, у яе выхавалася асаблівая аднабокасьць, якую можна было адзначыць, як нядбаласьць да пытаньняў полу, да палавых адносін, да ўсіх перажываньняў, што выцякалі з гэтага, што напаўнялі вякамі маладое жыцьцё маладых асоб. Чула яна гутаркі таварышак на падобны зьмест, ведала ўсе законы жыцьця ў гэтых галінах, але напружаная думка, уся істота яе былі прышрубаваны да