Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/391

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з гэтым: куды яму ў гэткі час? Напэўна, і хвіліны ў дому не сядзіць, а ўсё бегае па справах, хвалюецца…

Наталя не дапушчала на першых хвілінах жаднае думкі, што з ім можа здарыцца нядобрая прыгода. Ды наогул, абурэньне ваяўнічым настроем адкідала ўсякае сумненьне, усякую небясьпеку і адмоўныя рэчы. Калі і заходзіла гутарка аб арыштах і трухах, то яна тут-жа забывалася, нікла ў нарастаючым уздыме рабочага бунту-забастоўкі. Бач, арышты, разважала Наталя, то дробныя ўколы з боку ворага, нічога нявартыя меры, якія вораг карыстае для змаганьня з магугнаю сілаю дзесяткаў тысяч рабочых. Ды чаму-ж няйначай, падпадзе арышту і Рыгор? Можа часамі здарыцца, але не якраз, каб ужо цяперака.

Паабедаўшы, Наталя рашыла праведаць Рыгора — захацела падзяліцца з ім перажытым, праканацца, як і што ў іх на заводзе, што наогул чутно ў горадзе. Былі і іншыя пазывы побач з пералічанымі, — і ўсё разам настроіла дзяўчыну ды пацягнула з хаты.

Дзядзька папярэдзіў, каб яна аберагалася і нікуды, дзе не патрэбна, ня ішла, а лепей-бы ў дому сядзела. Ці-ж можна было паслухаць? Схлусіла, што толькі пройдзе вуліцаю. А на вуліцы ўжо мела скончаны намер, рашэньне: ісьці куды-хоць, дзе-б можна спаткаць Рыгора. Пэўна, раней на кватэру.

Наталя рашуча павярнула налева і цьвёрдымі ўверанымі шагамі пашнуравала ўсьцяж вуліцы. Кожны крок, як клявіш роялю, выбіваў стройную, парыўчатую думку-настрой, дастаючы яе з цесных глыбінь дзяўчынінага нутра. Думка-будаваньне цэлай гармоніі пачуцьця выяўлялі перад Наталяю ўсю сутнасьць, усю значнасьць, якія таіліся ў знаёмстве з Рыгорам. Нельга было не захапіцца пераборам вынікаючых тонаў, нельга было не патураць ім. І калі яна пранікла ў іх, ахапіла з усіх бакоў і паспрабавала дайсьці да іх вытокаў — атрымалася жывая, сакавітая, выпуклая карціна жыцьцёвых здарэньняў, прыгод, якія заблутаным спляценьнем давялі да спатканьня яе, Наталі з Рыгорам. Стала самой цікава, ажно яна, ідучы праз Вэрманаўскі парк, супынілася, прысела на лаўцы і з поўгадзіны раздумоўвала, выяўляла, лавіла дэталі.

Карціна малявалася гэтакай: жыцьцё яе, Наталіна жыцьцё — з раньніх гадоў жорсткае і мулкае бытаваньне. Сірацінаю