Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/390

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

быццам-бы адказваюцца выходзіць з казармаў на ўзьмірэньне забастоўшчыкаў. Горад захапіўся сполахам, неспадзяванкамі. Прабег крывымі вуліцамі асяродкавай часткі нэрвовы настрой, жахлівасьць, падазронасьць. 1905 год усё яскравей ды яскравей выяўляў свае стальныя рысы, зазіраючы пустымі комінамі, застыгшым жыцьцём звычайна кіпучых аколіц.

«Праваднік» спыніўся днём пазьней назначанага тэрміну — усё-ж не з апошніх. Наталя многа сіл палажыла на гэта. Ужо ў першыя дні забастоўкі, калі прыпыніліся толькі два прадпрыемствы, Наталя занэрвавалася, хаця-б іх фабрыка не асталася ззаду. Па некалькі разоў у дзень раілася з больш перадавымі рабочымі і работніцамі, вяла нясупынную агітацыю, хадзіла ў комітэт партыі. Нават забылася пра Рыгора, ня змогшы яго наведаць. Помніла адно, калі, праводзячы яе дамоў, ён дапамінаў ёй «прылажыць працы». Гэта неадходна стаяла перад Наталяю да часу выбуху забастоўкі на «Правадніку».

Затое ў момант, калі гушчы рабочых вырынулі на дзядзінец, каб далучыцца да бастуючых, Наталя ня менш Рыгоравага ахапілася натхненьнем; у ліку другіх праказала гарачую прызыўную прамову і ў першых радох вышла на вуліцу з фабрыкі. Дэмонстрацыя вышла досі выдатнай, хоць закончылася пабоямі напаўшых на дэмонстрацыю поліцэйскіх-коньнікаў. Адным ударам бізуна захапіла яе твар, на якім, каля вуснаў, астаўся вялікі крывавы сіняк. Можа, дзячуючы гэтым пабоям, яна змагла абмінуць на гэты раз свой арышт, выпаўшы на долю пяці таварышаў і таварышак, ішоўшых побач з ёю на дэмонстрацыі.

Натомленаю, але гордаю ў сэрцы, настроенаю неўгамонна, вярнулася яна з дэмонстрацыі на кватэру. Дзядзька, ужо папракаўшы яе за надмерную бойкасьць, сустрэў упічышчам:

— Ну, цяперака задаволена, нябога?

Пэўна, нябога была задаволена! Пярэчыць усё-ж не захацела і, запершыся ў сваім пакоіку, аддалася ўспамінам аб Рыгоры. Гэтак добра было-б яго бачыць цяпер! Наталя шкадавала, што засаб каля тыдню ніяк не магла спаткацца з ім, і цікавілася, сумляваючыся ў дачаснасьці гэтай цікавасьці, а ці не ўспамінаў часамі Рыгор пра яе. Лісьціла жаданьне, каб было так, каб успамінаў, але саромлівасьць не дазваляла згадзіцца