Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/389

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

насьць, выкрылі глыбокую прабоіну ў Рыгоравай душы; каб запомніць яе, Рыгор кінуў маўчанку і выклікаў суседзяй на агульную гутарку аб загранічных рабочых, аб іх становішчы, аб іх організаванасьці ды солідарнасьці.

Гэта гутарка адцягнула арыштаваных ад навакольнай рэчаіснасьці і заняла ўвесь час да тэрміну, калі павінна ўкладацца спаць.


IV

ТЫМЧАСАМ забастоўка ў Рызе разгарталася ў грандыёзную схватку двух варожых сіл. Два варожыя станы, рабочыя і фабрыканты з поліцыяй, пераходзілі да рашучага і настойчывага змаганьня. На некаторых заводах быў абвешчаны лёкаут і агульны разьлік рабочых. Фабрыканты паведамлялі, што яны зачыняюць фабрыкі на няпэўны тэрмін. На іншых — гаспадары кідаліся на провокацыйныя меры, падкупаючы штрэйкбрэхераў, наймаючы больш цёмных, несьвядомых безработных. Адміністрацыя гораду, цывільная і вайсковая, натрывожаная стыхійнасьцю протэсту, працавала, не пакладаючы рук. Падвойныя нарады поліцэйскіх, з дапамогаю драгуноў, патрулявалі ў рабочых раёнах; на вуліцах і завулках, якія вядуць у цэнтр гораду, вартавалі захаваныя па дварох засады, цэлыя атрады коньнікаў і пешых вайсковых. Шпегі займаліся паляваньнем па справах сочкі і лову асобных, больш актыўных рабочых, і адшуканьнем цэнтру, які вёў кіраўніцтва забастоўкаю.

Але, ня гледзячы на гэта, з боку рабочых панавала зьлітнае, магутнае захапленьне справаю протэсту. Завод за заводам, фабрыка за фабрыкаю, буйныя і дробныя майстэрні прыпынялі працу і дружна выходзілі на вуліцу, абвяшчаючы сваю солідарнасьць раней забаставаўшым. Розныя манэўры аб’яднаных прадпрыемцаў з поліцыяй — не палохалі рабочых; не зважалася імі на лёкауты, на зачыненьне заводаў. Забастоўка выяўна прымала востра-зацяжны характар, падвойваючы трывожнасьць становішча. У рабочых раёнах каторы дзень ня сьціхалі маніфэстацыі, стычкі з патрулямі. Паціху рэволюцыйны настрой перакінуўся ў навучальныя ўстановы. Газэты разносілі весткі аб распачатым руху сярод гімназістаў. Абываталі працягалі іх глыбей, успамінаючы аб вайсковых частках, якія