Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/388

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А мяне падвечар з кватэры сцапалі, — устаў рабочы з Бальтыцкага, што ўчора стрэў Рыгора: — Пашлі ў наступ, паганцы.

— То-та ж і ёсьць, хочуць сарваць забастоўку — разьбіць нашы рады.

— Было-б вельмі добра, каб таварышы не здаліся. Патрэбна давясьці змаганьне да канца.

— Не павінна быць: дзесяць, дваццаць чалавек ня ўплыве на здарэньні, калі і вырвуць іх з гушчы тысяч.

— Гледзячы якіх…

— І то праўда.

— Вялі-б сябе асьцярожней таварышы з комітэту…

— А цікава, як Міхась Камар, што з нашага заводу?

Рыгор абярнуўся да Ромуся.

— Учора да арышту спатыкаў яго.

— А ці ня ведае хто-колечы з вас, як «Праваднік»? Я ўчора ў абед быў, і ён працаваў ва ўсю.

— Забастуе, ці ліха яму. У іх было назначана працу прыпыніць на сёнешні дзень. Мая адна знаёмая там працуе. Ды цяперака, памойму, і рэчы быць ня можа, каб ня прылучыцца да забастоўкі, — настрой сьведчыць за тое.

На тэму пра лёс забастоўкі, пра яе размах, формы, пра яе скуткі яны гутарылі і спрачаліся засаб тры гадзіны пільна і заўзята. У час абеду перарывалі агульную гутарку, а пасьля ізноў да яе варочаліся з новымі думкамі, з іншымі падыходамі і комэнтарыямі.

Для ўсіх дзень прашоў няпрыметна, хутка, нават з асаблівым зацікаўленьнем. Пакуль уся ўласьцівасьць няволі заставалася ўперадзе, вартуючы свае ахвяры ў цёмных куткох нуднае камэры, з-за дзьвярэй на калідор, пры высокіх сьценах агарожы, у страшных прызапасеных на кожны выпадак карцэрах і баштах, у шэрагу роўных, аднакавых, утомных днёў. А пакуль істота не гадзілася з наступным, жывучы запасам прынесенай волі, надзей, імкненьняў.

На шэрай гадзіне Рыгор прылёг і крануў у думках Наталі і Ганны. Захацелася, каб каторая з іх праведалі аб ім, каб як-колечы дайшлі да яго. Разам з гэтым хаценьнем закралася сумненьне, ці не паперашкодзіць яго арышт далейшым зносінам паміж ім і дзяўчатамі. Мажлівасьць гэтага, бадай што пэў-