Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/387

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сам сабе гаспадар. Але тут-жа пачуў стук у дзьверы — знак, дапамінаючы чужую сілу і чужую волю над заключным. Рыгор падышоў да ложка, прысеў, каб разьдзецца і зноў задумаўся.

«Лажыся!» грозны голас з-за дзьвярэй перабіў яго думкі.

Прышлося легчы.

І толькі пачаў драмаць, як прагудзеў за сьценамі камэры гудок цягніка. Рыгор падняў голаў: гудок так быў далёка і такім паказаўся цікавым, прыемным, мэрам-бы ён быў ня звычайным сыгналам аб прыбыцьці штодзённага цягніка, а клічам перамогшае свабоды. Міжвольна пацягнула Рыгора падняцца, кінуцца да акна, паглядзець за сьцены і даць вестку, што вось тут, у камэры, сядзіць ён і яшчэ чатыры нявольнікі, якіх не павінна забыць. Але хвілёвы ўздым хутка патух, і Рыгор прылёг, каб заснуць трывожным сном.

Раніцою, прачнуўшыся разам з усімі, Рыгор адчуваў сябе зусім іначай учарашняга. Заспакоіўся праз ноч і ў некай долі ўспрыняў умовы няволі. Камэра дапамінала прыватны пакой, дзе яны сышліся на абгаворы важных пытаньняў організацыйнага характару. Каб не староньнія фактары, як надазойлівы вартаўнічы, можна было-б працягнуць гэту думку і становішча настрою многа далей; але гвалтам разьбіваў яго ілюзію вокрык вартаўнічага, перш гарачая вада праз акенца ў дзьвярах, пасьля паверка… Рэчаіснасьць, паганая і надаедлівая, біла молатам па галаве. Змагаючыся з ёю, Рыгор пасьля праверкі перашоў да апытаньня суседзяў, як і што, ды дзе іх заарыштавалі. Наперад ён зьвярнуўся да Ромуся.

— Я ўчора ўжо заўважыў цябе. Пасьпеў раней мяне?

Засьмяяўся.

— У харчоўні, брат, разам з Гэнрыкам, — Ромусь паказаў на маладога здаровага белакурага мужчыну, які сядзеў на другім ад дзьвярэй ложку (чамусьці ложкаў не паднімалі на дзень). — У харчоўні Грачкунаса, ведаеш, на Кірхавай вуліцы. Зашлі гэта, каб выпіць па шклянцы піва і пагутарыць аб сім, аб тым, як… тутака-ж, з гушчы людзей паднялося трое шпегаў — і на цугундар: хадзеце сюды. Абступілі, падалі сьвісток — і папалася птушка. Пашлі — і вось дзе ачуліся.

Пакуль Ромусь расказваў, падышоў Гэнрык і яшчэ адзін арыштаваны; згуртаваліся.