Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/384

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Рыгор сярдзіта паглядзеў на нечаканага госьця і, быццам-бы не разумеючы, да чаго хіляцца яго словы, зьдзівіўся:

— Як? Што? А гэта адкуль і чаму?

Папрабаваў зрабіць некалькі крокаў назад.

Шпег растапырыў рукі і пахіліў тулава ў бок Рыгора.

— «Там» праведаеце ўсё! Пойдзем са мною, папрашу, — і, ня даўшы Рыгору апамятавацца, сьвіснуў. У момант зьявіўся гарадавік і ўмела паказаў сябе ў распараджэньні шпега.

Нельга было дваяка думаць — справа ясная: папаў у добрае сільлё. Рыгор мусіў ісьці. Бліснуўшая на момант думка — «А ну-ж паспрабаваць даць дзёру» — патухла, зьнікла: гарадавік ішоў ззаду, трымаючыся за рэвольвэр, шпег ішоў шчыльна побач. Куды бегчы? Як бегчы? Рыгор паглядзеў у бакі, але не асьмельваўся пайсьці на рызыку: нешта трымала, і ён ішоў — куды вялі, ня сьціхаючы папракаць сябе ў тым, што так дурна папаўся. Не хацелася верыць рэчаіснасьці. Няўжо гэта ліхая прыгода пойдзе сваім шляхам, а ён будзе адарваны ня толькі ад забастоўкі, ад знаёмых і сяброў, але і ад усяго сьвету? З гэтым не гадзіўся і стараўся не дапускаць сумненьня. Маўчаў, ідучы, не зьвяртаючы жаднае ўвагі на частыя закіды шпега, які стараўся вызваць яго на гутарку, на адказы пытаньням. Дзякуючы гэтаму, не заўважыў, як раптам ачуўся перш у некім пустым, цёмным двары, абгароджаным з усіх бакоў глухімі тыльнымі сьценамі ці то парканам, а праз хвілю ў прасторнай з тухлым паветрам каморцы. За столікам, пустым і брудным, сядзеў некі поліцэйскі чын — ні то гарадавік, ні то жандар. Шпег кінуў Рыгора з гарадавіком і з нявыразным чынам сам шмыгнуў у дзьверы, якія вялі ў другі пакой. І Рыгор не пасьпеў агледзецца, як з-за дзьвярэй яго пазвалі:

— Проша, Нязвычны.

Рыгор пашоў: то зваў жандарскі офіцэр да сябе на допыт. Няўклюжы, тоўсты, з рабым тварам, рыжаваты, сядзеў ён за вялікім канцэлярскім сталом, адкінуўшыся на сьпінку мяккага крэсла, і задаволена ўхмыляўся. Прыдаў далікатнасьці, калі Рыгор пераступіў парог у яго пакой, і шляхетна запрапанаваў:

— Сядайце, вось.

Ня йшла далікатнасьць да яго постаці, і ў ёй Рыгор не адчуваў патрэбы; усё-ж сеў, каб ня выказваць пакоры, стаючы. І, як нібыта той, акінуў зрокам пакой жандара: досі чысты, аб-