Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/383

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чего не сделать — всем нужно», адказаў падавальнік, і другую страву падаў таксама спозьнена. У огуле — вячэра адняла цэлую гадзіну. Рыгор вылаяўся на парадкі, чаго ніколі не дазваляў сабе ў гэтай харчоўцы, і вышаў. Пацягнула дадому, хоць нешта звала астацца на вуліцы, пад сінім небам. Панэлямі бясконцым ланцугом шнуравалі праходжыя.

Нясьлі з сабою сьмех, рэзвасьць і бесклапотнасьць. Рыгора цешыла гэта і ў той-жа час злавала. Няўжо ім няма ніякага дзела-да тэй барацьбы, якая адбываецца вось тут-жа, у іх пад бокам? І сьледам думка перакінулася да Ганны. «Пэўна — гуляе дзе-колечы з таварышкаю і высочвае хлопца-каханка!..» Гэта разам была і гіронія, але не зважаючы на яе, у Рыгоравым нутры вынікла зьнячэўку жаданьне — спаткаць Ганну па дарозе дадому. Няхай сабе Наталя пачакае, калі прыдзе раней. Ён пачаў разьзіраць у бакі. Не паленаваўся і два разы прашоў па люднай вуліцы. Нават думаў прайсьці ў кірунку да яе дому, а далей перарашыў і вярнуўся на дарогу к дому.

Не даходзячы двух кварталаў, абмацаў пісьмо ў кішэні і вярнуўся адшукаць паштовую скрынку. Гэта адняло яшчэ хвілін з дваццаць, так што яго захапіў змрок. У небе пачалі запаляцца рэдкія зоры, а на вуліцах — ліхтары. Павеяла лёгкім халадком. І — проста прымха, — калі падыходзіў к дому, дзе жыў, амаль не на тым-жа месцы, на якім ужо раз успомніў аб пісьме да мацеры, успомніў цяпер аб грошах, якія абавязкова трэба было-б паслаць старой. «А мо’ ёй жыць няма за што? А мо’ яна хварэе? Галадае? Бедная старая! Сапраўды, ці-ж я не вінаваты перад ёю?.. Паслаў пісьмо — а што ёй пустое пісьмо? Як-бы там ні было, а мушу дастаць рублёў пяць і выслаць. Прыдзе ліст, а за ім неўзабаве — грошы, Ого — пяць рублёў! Наколькі хопіць! Выстараюся, пашлю»…

Гэта было яго неадменным рашэньнем: таму Рыгор заспакоіўся. Уверана і крута павярнуў у двор, каб скарэй прайсьці на кватэру і праведаць, ці не заходзіў хто да яго. І вось — толькі зрабіў пару шагоў, як ззаду хтось голасна яго азваў:

— Вы — Рыгор Нязвычны?

Было зьнячэўку — Рыгор сумеўся і спыніўся.

Да яго падышоў здаровы, шляхетна адзеты мужчына.

— Вы арыштаваны! Пойдзем.