Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/385

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сталяваны паказённаму, з портрэтамі трох цароў у жоўтых рамах, пакой выглядаў далёка не гасьцінным.

— Ваша імя, прозьвішча?

Жандар прыстасаваўся пісаць на блёкноце, узіраючыся Рыгору ў твар.

— Рыгор Нязвычны. Запытайце ў вашага чалавека, — то быў намёк на шпега, які юліў каля дзьвярэй начальнічага габінэту і нагла ўсьміхаўся. Спакойны вымаў не падабаўся ні жандару, ні шпегу. Але Рыгор цьвёрда трымаў сябе і пры ўсіх далейшых распытаньнях. Ні слова — лішняга. І калі насабачаны ў шпягоўскай працы жандар пачаў рабіць ябедныя закіды і провокацыйныя намёкі, то Рыгор перш пагарачыўся, а пасьля зусім змаўчаў, два разы пераказаўшы сказ:

— Ці я скажу, што — не, ці скажу, што так — вас не здаволіць і не пераканае. Навошта-ж вашы хітрыкі, а маё нэрваваньне? Я лепей буду маўчаць.

Жандар злосна мармытаў у адказ, чырванеў, як бурак, і без таго чырвоным тварам, рухаў на месцы. «Гм! гм! гм!»

— Значыць вы, Нязвычны, адказваецеся гаварыць са мною? — некалькі разоў пераказаў сам сабе і ўсё пісаў. У пярэмежку з пісанінай бацькаўска-ўгаворна прабаваў разьмякчыць Рыгора і выклікаць яго на адкрытае прызнаньне. А калі той не паддаўся, жандар злосна стукнуў кулаком па стале, скрывіў твар у зьвярыную міну, прыўстаў і выгукнуў на ўвесь пакой:

— Адвядзеце. Пасядзіць — памякчэе!

Адчыніліся дзьверы, нібы хто паціснуў у гузік — і двое поліцыянтаў пасталі пры абодвых вушакох, чакаючы прыказу.

— Адвядзеце! — пераказаў жандар.

Рыгор бязумоўна ўстаў з крэсла і вышаў з габінэту жандара. Шпег правёў яго да выхадных дзьвярэй і астаўся ў памяшканьні; гарадавікі адны карсажылі Рыгора «куды сьлед».


III

БЫЛО ЗА ПОЎНАЧ, калі Рыгора прывялі ў астрог, прапусьцілі праз кантору і заперлі ў камэру. І вось толькі за ім зачыніліся цяжкія жалезныя дзьверы, стукнуўшы засаўкаю, і смуглае сьвятло электрыкі выявіла шэрую, з цяжкім паветрам, пры адным загартованым акне, каморку, ён схамянуўся, заду-