Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/377

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Наталя спынілася, але Рыгор угаварыў правясьці яе да самага дому. І нават пачакаў, пакуль дворнік, упусьціўшы Наталю ў двор, запёр вароты.

— Прыходзь-жа, — паслаў удагон і вярнуўся.

Рыгору не хацелася прысьці на кватэру пазьней, чымся прачнецца Вільгэльміна. Не баяўся яе, не сароміўся — проста не хацеў, каб яна бачыла яго раньняй раніцаю ня сплючы. З гэтае прычыны ён ускорыў хаду, меркаваў скараціць дарогу, пераходзячы на загібах вуліцы з боку на бок, выбіраючы перавулкі.

Горад зусім заціх, і Рыгоравы шагі гучна разносіліся пад дахамі муроў, адбіваючыся ў вузкіх вуліцах. На некалькіх рагох і на скрыжаваньнях вуліц, прытуліўшыся да сьцен муроў, драмалі вартавыя гарадавікі. Рыгор праходзіў між іх, не зважаў, і яны не патуралі нічому. Вэрманаўскі парк быў абагнутым ім з боку ад пошты, зусім няпрыметна. Наогул, за сьпешнаю хадою Рыгор ня спыняўся на аднэй якой-колечы думцы, прапускаючы процьму адрыўкаў. І толькі спыніўшыся ў браме дому, дзе была яго кватэра, ён зьнячэўку ўлавіў кусочак успамінку аб Сілцох, некаю прымхаю мільгануўшых у яго галаве. Улавіў і задумаўся, ажно забыўся пастукаць дворніку, каб той адчыніў вароты.

«Маці! Падумаць! Забыў! Столькі часу ні слова не напісаць! Што перажывацьме яна там, ня ведаючы і ня знаючы пра мяне? Пэўна, старая праплакалася, занудзела, зьняверылася… А я тут кручуся-вярчуся, як шалёны… Не, годзі маўчаць. Трэба-ж, нарэшце, улучыць хвіліну-другую і кінуць ёй ліст. Маці! Ды таварышы таксама лаюць мяне здорава. Сёмка — той, пэўна, матнуў рукою… Хлусом празаве… Як-жа яму не напісаць? Ах! Ды столькі ўсяго ёсьць пісаць! Столькі перажыта за гэты тэрмін»…

Думаючы, Рыгор не заўважыў, як да яго падышоў яшчэ адзін жыхар гэтага дому. Падазрона абглядзеў яго з ног да галавы і рашуча пастукаў у браму. Гэта Рыгора адцягнула ад думак, і ён паціху вашоў у двор сьледам за незнаёмым чалавекам.