Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/378

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ВОСЬМАЯ



I

«ТОЛЬКІ ў рашучым выступленьні — перасьцярога наглай заўзятасьці ворага», казаў Рыгор перад тысячнаю грамадою рабочых. І, кажучы гэта, ён выказваў сваімі вуснамі той настрой, які паступова ў гэтым годзе ахопліваў рабочыя гушчы не аднэй толькі Рыгі, а ўсяго неабмежнага прастору царскае Расіі. К моманту яго выступленьня — нездаволеньне існуючым станам, абурэньне супроціў крывасмагнага самадзяржаўя, протэсты на бессаромную эксплёатацыю капіталістамі рабочых бурліваю хваляю ўскалыхнулі працоўныя гушчы. Цяжкія гады ўціску і душэўнага заняпаду, што наступілі пасьля паражэньня рэволюцыі 1905 году, адышлі ў ліхое зьнябыцьцё… Трывожныя стрэлы, што прагучэлі над далёкаю Ленаю, аддаліся громкім рэхам у настарожаных сэрцах рабочых. То быў сыгнал, які рашуча і дзерзка адкідаў наглыя словы царскага сатрапа: «Так было і так будзе!» нясучы вестку аб новых днёх… Жыцьцё выглядала ў іншым абліччы, падаючыся пад упартым законам гістарычнага разьвіпьця.

К сходным днём ліпеня абурэньне сярод рыскіх рабочых паднялося да вышэйшага пункту. Здарэньні ў сваім разьвіцьці апярэджвалі людзкія намеры, падрахункі, пляны. Саматугам гуртаваліся мітынгі, выбухалі рэзкія конфлікты на розных фабрыках ды заводах, вынікалі стыхійна забастоўкі. Паветра напалялася гострым змаганьнем працы з капіталам. Па майстэрнях пры рабоце адкрыта і сьмела паднімаліся спрэчкі, дыскусіі на рэволюцыйныя тэмы. Факт агульнае забастоўкі не таіўся, а быў прызнаным, нямінучым зьявішчам. Нельга было пачуць слова, якое-б пярэчыла патрэбнасьці яе. Наадварот, дзень-ато-дню ўсё рашучай ды настойней аформлівалася выразная думка — не чакаць назначанага тэрміну, а зараз-жа пачынаць змаганьне. Дзякуючы гэтаму, яшчэ за некалькі дзён адна за другім сталі спыняцца фабрыкі і заводы. Факт ажыцьцяўляўся…