Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/376

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты, падумай, колькі нам суджана гэткіх ночаў правясьці? Хто ведае, чым і што кончацца здарэньні з забастоўкаю… Ды наогул, што нас наперадзе чакае…

Каля агарожы парку, куды яны падышлі, пачуўся гучны гоман. Яны паглядзелі ўбок: шагоў дзесяць ад іх ішла грамадка людзей; у цені дзярэў нельга было разабраць, хто і што, але ў тупаце ног чуўся знаёмы звон шпор. Рыгор спыніўся, затрымаўшы Наталю.

На сьветлай пляміне, якая ўразалася ў згусткі ценю, бліснулі жоўтыя гузікі поліцэйскіх. Было ясна — вялі арыштаваных.

Рыгор з Наталяю шчыльна прытуліліся да агарожы і праждалі, пакуль гэта процэсія аддалілася ад іх на добры кусок. Пасьля, не заходзячы ў парк, павярнулі направа, абыходам.

— Хаця-б ня нашых толькі? — занепакоіўся Рыгор.

— Чаго добрага — усё можа стацца. Папераджаюць забастоўку. Цяпер трэба быць асьцярожным. Асабліва табе, Рыгор… Я чула, нябось, як ты выступаў.

— Чула? ну? ну?

І ён тутака забыўся і пра Ганну, і пра поліцэйскіх, якія павялі арыштаваных, і пра жаданьне пасядзець у парку, палюбавацца ночкаю, пацешыцца Наталяю.

— Ты ведаеш, чуць дэмонстрацыі… крывавай дэмонстрацыі ня вышла — гэткі настрой… Момант цікавы… Ну, а вось, у вас што чуваць?

— У нас, ведаеш, большасьць кабет… Але нельга сказаць, каб не падтрымалі вас. Выступяць…

— Трэба шчырэй узяцца за агітацыю… Усё залежыць ад ёмкасьці падыходу да рабочага ці да работніцы. Ты, Наталя, павінна папрацаваць… Мусім-жа паказаць, што мы — сіла, што мы апіраемся на крэпкія падпоркі…

— Так, трэба, ведама…

Двое праходжых, што йшлі ім насустрэч, паперашкодзілі далейшай гутарцы. Наталя, каб адцягнуць увагу, праказала:

— Бачыш, ужо і золак займаецца.

Рыгор паглядзеў уверх.

— Хаця-б крыху адпачнуць.

— Так, ідзі ўжо, я адна прайду гэтых два кварталы. Ідзі.