Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/375

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Другая гадзіна па поўначы. Аставайся, Наталя. Ласьне саромеешся? Ці не давяраеш мне? Начуй… Мы рэволюцыянэры…

Наталя недаверчыва паглядзела Рыгору ў твар.

— Ты сьмяешся?.. А што мне дзядзька скажа?

— Ха-ха-ха! Дзядзька! На прывязі трымае цябе?

— Маўчы лепш.

Рыгор не настойваў. Моўчкі адзеў жукетку, шапку і падышоў да Наталі. Далікатным кіўком паказаў, што хоча праводзіць. Наталя вышла з пакою першая.

— Не разбудзіць-бы адно гаспадароў.

Асьцярожна прашлі калідор, стараючыся ня стукнуць, адперлі і заперлі дзьверы. Сышлі з усходаў — бяз слова гутаркі, адно за другім. Перасеклі двор і каля брамы абудзілі драмаўшага дворніка. Той нездаволена паківаў галавою, гультайна падняўся з месца і выпусьціў іх на вуліцу.

Ціхая зорная ноч абдала іх астуджаным, але нячыстым гарадзкім паветрам. Электрычныя лямпы вадзілі даўгія, дзівосныя цені. Ублізку ня відаць было чалавека, але здалёк даносіўся ляскат шагоў, стукатня конскіх капыт і розныя гукі ды зыкі.

Яны накіравалі да Вэрманаўскага парку — ішлі мернаю, спакойнаю хадою. Усё яшчэ маўчалі, ня хочучы ніводнае першым загаварыць, хоць у абоіх бушавала пачуцьцё і самі сабою напрошіваліся словы гутаркі. Рыгору імпонавалі абставіны летняй ночы, перажытыя здарэньні; трымалася бадзёрасьць. Наталя — адна аднэю з ім — цягнула да сябе яго ўвагу, думкі, пляны; Наталя будзіла цэлы зьнізак мінулых перажываньняў, разгойдвала выабражэньне. Рыгор ня ведаў, не адзнаваў і не хацеў разумець Наталінай маўчанкі. Нарэшце, ужо падыходзячы да парку, Рыгор запрапанаваў ёй:

— Давай пасядзімо ў парку?

— Запозна, Рыгор.

— Ты сярдзіта?

— Кінь хаця.

— Давай пасядзімо.

Наталя згадзілася. Рыгор аддзякаваў моцным поціскам яе рукі.