Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/374

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Селі — так хацела Наталя, думаючы гаварыць, — гаварыць з Рыгорам, спавядацца яму ў тым пачуцьці, якое выбухнула ў ёй пры адыгрываньні гісторыі з Ганнаю. Да гэтага Наталя і не западозрывала, што ў яе нутры насьпявае некая моцная цяга да Рыгора. Гуляла з ім на адзіноце, сустракался, а прыметы гэтага не адчувала. Паважала Рыгора, як добрага таварыша, нават зьлёгку любіла яго, як прыгожага, мужнага чалавека; ну, а каб гэта захапіцца ім — пакуль не ўспадала на думкі. Сёньня ішла да яго з ранейшым пачуцьцём, — праўда, з гэткім пачуцьцём, якому было цяжка пярэчыць. Усё-ж далёка было да адыгранага фіналу.

Захапілася — і не магла слова мовіць, толькі напружана, пільна сачыла за яго рухамі, за мігаценьнем яго броў, за ціхім, няпрыметным калыханьнем дробных рыс твару. Глядзела і ўкладала ў свае ўзрокі неапісанае натхненьне. Той-жа самы воблік, той вобраз, які выглядалі ў Рыгору Зося і Ганна — маляваўся і Наталі. Рыгор — у гэту хвіліну ня толькі таварыш-змагальнік, ня толькі сябар, а і ідэал, якому мажліва і трэба пакланяцца. Каб хто запытаў яе, адкуль узяліся тыя ценкія струны ў яе нутры, тая мяккасьць ды гасьціннасьць у гэтак неміласэрна патузанай жыцьцём, абчэрственай яго жорсткімі ўмовамі, заціснутай нядоляю і недастачамі істоце — Наталя не адказала-б.

І толькі праз доўгі прагалак часу, мо’ праз гадзіну, удвойчы праказала да яго, умаляючы:

— Чаму ты маўчыш? Кажы мне ўсё, усё кажы… Ня сьмейся з мяне, што я гэткая… Ты сустрэў мяне сухою рэволюцыянэркаю, а я… Ну, што-ж, чалавечая ўласьцівасьць прысутна і мне… Скажы, скажы мне, ці я не перашкоджу табе? Мяшаю Ганне? Навязваюся? Знарушаю твае пляны? Скажы, скажы… Не маўчы.

А Рыгор маўчаў судзячы: «Што мне ёй казаць? Прызнавацца?»

Тады, пачакаўшы крыху, Наталя нэрвова адышлася да акна, паглядзела на двор і спакойным голасам адказала:

— А мне пара дадому. Паглядзі — усюды патушылі агні. Правядзеш мяне?

— Аставайся начаваць. Куды табе блізкі сьвет цягнуцца ноччу?

Паглядзеў на гадзіньнік.