Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/364

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зунамі. Некалькіх чалавек, больш старэйшых, двое поліцыянтаў хвасянулі па галаве і намерыліся падбіць пад коні. Рыгор убачыў гэта і ўвесь задрыжэў ад злосьці. «Ах, паганцы!» праказаў скрозь зубы і, падмеціўшы камень, швыдка падняў яго і кінуў у аднаго з поліцыянтаў. Камень папаў каню ў шыю. Поліцыянт пагнаў каня і ад’ехаў у бок, азіраючыся назад. Па прыкладу Рыгора яшчэ некалькі рабочых вырвалі з бруку каменьні і запусьцілі на жандараў. Адзін з іх барджэй схапіў вінтоўку і даў выстрал. Сьледам уся поліцыя, падзяліўшыся па трое, з вінтоўкамі ў руках кінулася на раскіданыя грамадкі і ядынкі рабочых, дзе разганяючы, дзе арыштоўваючы.

Рыгор з іншымі накіраваў у двор бліжэйшага дому, які аказаўся праходным, і паціху вышаў на суседнюю вуліцу. Да яго даносіліся, рэдкія выкрыкі з Узьбярэжнае, мімаволі затрымлівалі, ня пускалі аддаляцца ад іх, але немагчымасьць паправіць становішча дазваляла ісьці адгэтуль.

Рыгор пашоў на кватэру.


III

АЧУЎШЫСЯ ў сваім пакоіку адзін на адзін, Рыгор Нязвычны стаў перацэньваць толькі што перажытае. Не засьвятляючы агню, ён перш падышоў да акна, прыслухаўся, ці ня чуваць дэмонстрацыйных выгукаў, а пасьля, рухава тупаючы ўзад ды ўперад, пачаў перабіраць думкамі ўсе драбнейшыя рысы гісторыі падгатоўкі і самага выступленьня, дэмонстрацыі, настрою рабочых, яе значнасьці, з’організаванасьці і сутычкі рабочых з поліцыяй. Дзівіўся, які цікавы вадакрут мае дынаміка здарэньняў, як цесна пераплецена асабовая думка з думкаю колектыўнаю, як шчыльна зьвязан дробны пачатак з буйным канчаткам. Цікавіўся, да чаго прышоў ён з сваім нерашучым імкненьнем стаць перад працоўнымі гушчамі, і як неперадуглядна ўецца разьвіцьцё здарэньняў. Не даваў веры, што гэткім зыркім выбліскам занялося, працягнулася і кончылася яго першае выступленьне. Дагадваўся і вышукваў тых прычын, якія мяшаюць аднаму чалавеку захапіць шворан колектыўнае думкі, грамадзкае волі, каб накіраваць іх у тое ці іншае русло. Ухіляўся перад законам пераможнасьці грамады над ядынкаю так выразна, так ачула перажыты толькі што самім.