Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/363

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

агульнае пяяньне. Некалькі чалавек зацікаўлена паглядзелі на яго, не перастаючы пяяць. Пэўна пазналі і падвысілі галасы.

У вошта выльлецца дэмонстрацыя? Куды накіруе свой протэст распаленая грамада — Рыгор ня ведаў і не даваў сабе ніякага адрахунку. Ён забыўся нават пра тое, што ў гэткія вось менавіта адпаведныя моманты і трэба знайсьці ў сабе тую сілу волі, умеласьць, кемнасьць, якія-б пасобілі ўлавіць агульны намер, зразумець яго сутнасьць і, зразумеўшы, накіраваць зьяднаную волю да намечанае мэты.

Рыгор выпусьціў гэта з вока — ён паддаўся настрою таварышаў. Але, вышаўшы з двара, апамятаўся, што-ж далей? І яму раптам успалі на думку тыя словы ды намеры, якія мелі месца і ў гутарцы з Міхасём, і на сходзе ў Артура. Запалілі нутро. Ён выбег з гушчы, як быццам у натаўпе цесна было думаць, і паглядзеў усьцяж Узьбярэжнай. З левага боку нядбайна гайдалася ў каменных берагох шырокая Дзьвіна, справа стаяла сьцяна паркану, уперадзе — слалася вузкая вуліца; яна вяла ў горад, бурлівы, тлумны горад. Чым адгукнецца ён на пераможныя мотывы песьні?

Але думаць было некалі. Рыгора падганяла сьвядомае пачуцьцё адкрытага выступленьня. Ён кінуўся ўподбежкі, каб нагнаць пярэднія рады. Мінаючы рабочых, бадзёрыў іх: сьмялей!

Ужо ён раўняўся з пярэднімі, як на стыку вуліц Узьбярэжнае і Прадольнай куды павінна была павярнуць дэмонстрацыя, каб прайсьці ў горад, зьявіліся конныя атрады поліцыі ды жандараў і перагарадзілі дарогу. У гукі рэволюцыйных песень урэзалася рэзкае: «Раззойдзі-ысь!» На першы момант грамада ня стрымалася, не перарвала пяяньня, надыходзячы на коньнікаў. Але апошнія, агаліўшы шаблі, кінуліся на дэмонстрантаў і знарушылі рады. Нельга дый бескарысна было змагацца з варужнаю сілаю, і пярэднія расстроіліся, падаўшыся на тротуары. Пяяньне перабілася, змаўкаючы ўперадзе і цішэй цягнучыся над заднімі радамі. Сутычка з поліцыяй хутка перадалася па ўсёй грамадзе дэмонстрантаў, і ўсе пакінулі пяяць. Замест песень то там, то сям з гурткоў рабочых панясьліся выкрыкі: «Далоў самадзяржаўе!» «Няхай жыве дэмократычная Рэспубліка!» «Далоў поліцыю!» Моладзь выбягала наперад, і ў вочы поліцыянтаў кідала гэтыя воклічы. Поліцыянты ўвайшлі ў злосьць і пачалі ганяцца за рабочымі, размахваючы шаблямі і бі-