Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/361

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яму здавалася, што на ўсё гэта патрацілася ня больш дзьвюх хвілін, але, паглядзеўшы, прыкмеціў — усе майстэрні апусьцелі, пакуль ён сабраўся выходзіць. «Трэба сьпяшыць!» падагнаў сябе і намерыўся кінуцца ўподбег.

Міхась з Артурам перапынілі яго.

— Чакай, разам пойдзем.

Рыгор аглядзеўся.

— Добра, што вы падышлі.

Яны ўтраіх вышлі на двор, які кішэў рабочымі. Стаяў густы, зьлітны гоман. Грамада калыхалася, чакала. Яны праціснуліся між сьцен майстэрняў да ганку канторы, замкнутае і пустое. Падняліся і паглядзелі перад сабою. Грамада змоўкла, прытаілася і тысячы вачэй накіравала на іх.

Рыгора на момант абдало сталёвым холадам і ён згубіў самаўладаньне — застыла сэрца. Але раптам паднатужыўся і вашоў у сябе, настаражыўся. Узроку ня спускаў з Міхася і не пасьпеў падумаць, як той праказаў:

— Таварышы! Увага! Наш сход лічу адчыненым. Слова мае таварыш Нязвычны.

— Хто, хто, хто?!

— Мацней, мацней!


II

РЫГОР НЕ ПРЫСЛУХОЎВАЎСЯ: паправіўшыся на месцы, ён ціха кашлянуў і праказаў: «Таварышы! Надышоў момант!» — усе замаўчалі. Выразныя, зычныя як удары молата, стройна, адно за другім паліліся палкія словы над галовамі рабочых і ва ўсе куткі дзядзінцу. Зьліваліся ў адточаныя сказы, нямудрыя, але адпаведныя настрою, блізкія разуменьню, бяз лішніх уставак, без пераказаў, з прыціскамі, з перагібамі ў голасе.

«Таварышы! Ізноў мы вымушаны прыняць бойку ад нашага ворага. Ізноў нам суджана праверыць свае сілы і паказаць нашым прыгнятацелям, колькі і што мы можам зрабіць дзеля свайго вызваленьня. Таварышы! Нам няма чаго губіць, апроч сваіх ланцугоў! Ланцугі-ж нам пара скінуць, пакуль яны не пераелі нашага цела, пакуль ёсьць хоць малая мажлівасьць зрабіць рух, шавяльнуцца. Мы мусім не дазволіць вярнуцца да стану поўных нявольнікаў, якія адбывалі няволю прыкутымі.