Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/360

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Майстэрнямі яны прашлі моўчкі, прыслухоўваючыся да гутарак сярод рабочых. Са слоў, якія чуліся ад гутарыўшых па двое, па трое, з настарожаных, пытальных узрокаў, зрухаў, жвавых адрывістых і рэзкіх, можна было прыкмеціць значны ўздым настрою.

Завод распачынаў працу, вядомую, наладжаную шмат часу назад і дзень-у-дзень падобную ў кожным драбнюткім выяве, у кожным руху і сьвісьце, у кожнай ноце бразгу… Але сёньня, паказалася Рыгору, гэта гармонія звычайнасьці, надаедлівай, зьвязанай з бессаромнаю эксплёатацыяй тысяч рабочых, была прасякнута новымі адценьнямі, іншымі вібрацыямі, прыемнейшаю мэлёдыяй. Ён паглядаў у хаосе зыкаў, у пары і дыме, у цяжкай духаце — сілу бунту, віраваньне магутных падзей. Разам з атручаным паветрам улівалася гэта сіла ў нутро рабочых, віравала, разьюшвала кроў, запальвала прагу, узьнімала пачуцьцё.

Работа Рыгору ня ішла — станок адказваўся слухаць. Узрокі коўзалі паўз яго, расьсягаючыся вакола па майстэрні. Узрастала чуласьць: па некалькі разоў у гадзіну ён пазіраў на гадзіньнік, лічыў хвіліны. Прамова ня выходзіла з галавы: асобнымі мясьцінамі, адрыўкамі перабіралі яе думкі, уладваючы падрабязгі…

Ледзьве дачакаўся абеду. А па абедзе — пачуцьцё падгастрылася яшчэ больш, узрасла настарожанасьць. Кожны зык, які выбіваўся з агульнага шоламу, адымаў ад Рыгора ўвагу: ён прыслухоўваўся. І злаваўся, чаму то ня ўрочаны гудок.

Каб у гэты момант падышоў да яго майстар, Рыгор абышоўся-б з ім недалікатна, пакрыўдзіў-бы за адно нявіннае слова, за адзія узрок. Чамусьці, пэўна, нюхам чуў гэта майстар і сёньня ні разу не прашоў між Рыгора. Як быццам яму ня было да нікога жаднае справы, як быццам ён наперад зрабіў забастоўку — толькі разоў тры праз увесь дзень паказаўся ў верхніх майстэрнях. Завод ішоў без тае ўказкі, без таго нагляду, як то бывае звычайна.

Адміністрацыя ведала сутнасьць надыходзячага і гатавалася іншымі шляхамі, ахвяруючы «лішні» дзень дзеля рабочых. Аб гэтым кожны з іх знаў. Каго цікавіла гэтая драбяза?..

Нарэшце гудок загуў шыбка, аклікаючы. Рыгор схамянуўся: выпаў з рукі шаблон. Думкі хапіліся за прамову, мігам перабралі ўсю, прапусьцілі маланкаю. Ён супыніў станок — зьняў рэмень і, ня чысьцячы, кінуў.