Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/357

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА СЁМАЯ



I

У панядзелак пасьля спатканьня з Наталяю, Рыгор з самага ранку задумаўся над тым, як і што яму прыдзецца выступаць перад рабочымі. Тое, што для сходу ня вызначаны дзень і час, больш усяго непакоіла яго. «А што, калі Міхасю прыдзе ў голаў зрабіць сёньня? Або самі рабочыя запатрабуюць гэтага — тады што? Я-ж і каліва не падгатаваўся. Не падумаў, як і што сплянаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лёзунгі. У суботу так ні на чым і ня спыніліся рашуча, а прыдзе час»…

Зьбіраючыся на работу і ідучы да заводу, Рыгор раз-по-разу варочаўся да гэтых думак, прыслухоўваўся да іх, забываючыся што робіць. Падыходзячы к заводу, ён прыпыніўся і задаў сабе пытаньне, ці ня лепш будзе, калі сёньня ня пойдзе на работу, а вернецца дамоў і старанна абдумае характар свайго выступу. Перш рашыў вярнуцца, пасьля аддумаў і пашоў у завод.

Пры станку, сочачы за разцом, ён натужна абдумоўваў парадак прамовы, яе пабудову, накіраванасьць. Ён ведаў, што ад гэтага залежыць яго ўплыў на рабочых. Скажа ўдачліва, зробіць пасвоему, змурзае — пасьмяюцца. «Пасьмяюцца», думаў сабе Рыгор, «вось гэтыя сталыя рабочыя, практычныя, старэйшыя за мяне і ў змаганьні, і работаю. А я мала каму вядомы, ні з кім незнаёмы, малады»…

Момантамі Рыгора забірала трусьлівасьць: хацелася пабегчы да Міхася і сказаць, што ён адказваецца на гэты раз ад выступу перад рабочымі. Нават паглядаў у бок, дзе рабіў Міхась, чакаў, каб той падышоў сам і перадаў якія-кольвечы прычыны, з-за якіх усё пойдзе іншым шляхам. Прыглядаўся да рабочых, як тыя настроены сёньня; ці ня ведаюць, што будзе ён выступаць, і ці ўжо не сьмяюцца тайком. Выходзіў на абед і, мінаючы грамадку рабочых, прыкмеціў, што яны паглядзелі на яго і засьмяяліся. А што будзе, як угледзяць яго на трыбуне? Сум-