Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/353

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Чаго чакаць?

— Я яму напішу запіску.

І тут-жа хапілася шукаць паперы: абмацала ў кішэні, перавярнула ўсё ў рэдыкюльчыку, знашла запісную кніжачку з алоўкам і прылажыла яе да зачынетай паловы дзьвярэй.

— Я буду чакаць?!

— Хутка, некалькі слоў.

Сышоўшыся ўсёю істотаю ў думкі, Ганна пасьпешна напісала той зьмест, які пасьля Вільгэльміна падала Рыгору. Нават не прачытала, ці ёмка, ці тое, што трэба, напісана. Падала, а сама, абураная злосьцю, разнэрваваная, з набегшымі ў вочы сьлязьмі, кінулася ўніз па сходах. Упоцемку вярнулася на кватэру і, мэрам-бы протэстуючы супроціў Рыгора, запытала мацеру:

— Ці ня прыходзіў Андрэй?

У голасе ня было шчырасьці, нават сэрца ня думала пра яго.

— Ня прыходзіў. Цікава, дзе ён, што ўжо колькі дзён, а яго ня відаць?

Так, яго ня відаць! Ганна настаражылася. Сапраўды, — дзе-ж Андрэй? Ганне трэба было мець козыр у руках, трэба было мець пры сабе чым засыпаць адзначаную расколіну ў адносінах з Рыгорам. Андрэй — то мост пры мажлівым адыходзе. Го! І яна хапілася за гэта імя, як за выратоўны маяк, за падкінутую дапамогу. У яе ёсьцека Андрэй, чалавек, з якім доўга знаёма, з якім блізка сышоўшыся… Як-то яна магла гэтыя дні ня думаць пра Андрэя?

Ганна прыпомніла, праверыла, ці не магла чым навясьці яго на падазронасьць да сябе. Ці, часамі, ён прыходзіў наведваць, ды не застаў на кватэры. Можа некалькі разоў упадрад і пасьля махнуў рукою, зазлаваўшы на яе? Можа, можа… І помеж таго, як уставалі пытаньні, падагрэтыя раскалыханым пачуцьцём, усторывожанае выабражэньне малявала вобразы Андрэявай зьмены, вобразы свае адзіноты, закінутасьці, бяспрытульнасьці. Хто віною гэтаму? — «Сама! Сама віною. Няхай-бы, вярнуўшыся з гасьцей, пашла да яго, наведала, як і што ён жыве. Пагутарылі-б, прагулялі-б весела час. Дык не — надало занядбаць Андрэя. Як быццам-бы Рыгор ведаў пра гэта. Што я гэтым выйграла?»

— Няўжо Андрэй так і ня прыходзіў? — ні-то сама ў сябе, ні то ў мацеры запытала Ганна. — Дзіва!