Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/354

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А я думала, мо’ вы бачыліся з ім.

— Бачыліся. «Маці ня ведае нічога». Ганна на хвіліну дапусьціла, што маці дазнаецца пра ўсё, і ёй адначасова стала і горка і страшна. Яна паглядзела ў спакойны мацерын твар і не магла вытрымаць.

— Мо’ ён заўтра прыдзе: заўтра нядзеля, і будзе вольны час.

— Пэўна, заўтра!

Яна пераняслася думкамі назаўтра. Пачала маляваць пляны, як і што давядзецца правясьці час з Андрэем, аб чым гутарыць з ім. Меркавала, калі ён прыдзе, то з якім настроем. Ачула цягнула яе да старога прыяцеля, ён рабіўся ў яе растрывожаным уяўленьні куды бліжэйшым за Рыгора, шчырэйшым. Яна часова забыла пра яго, заўтра паправіць сваю абмылку. Ці-ж ня бывае з чалавекам?

І, лёгшы пазьней звычайнага, Ганна, пакуль не заснула, думала пра адно — пра заўтрашні дзень, пра спатканье з Андрэем. Падганяла час, каб хутчэй мінула ноч. «Хоць-бы была пагода добрая!.. А што, як ён прыдзе зраньня, калі я буду спаць?»

Заснула заспакоенаю, суцешанаю. І паднялася назаўтра радаснаю. Зьлезла з ложка — і ў акно… Сонца прыемным сьвятлом сустракала Ганьніну вясёласьць. Сьмяяліся ў акно цёплыя праменьні. Нядзельны настрой лунаў над дваром, над будынкамі гораду. Даносіўся перазвон і ўрачысьцей гудзелі гудкі. Няўжо ня едзе ўжо да яе Андрэй? Разьлічала час: на хаду, на пераезд Дзьвіны, на пераход ад прыстані да кватэры. Вылічыла, што праз некалькі хвілін пакажацца ў браме. Хоць-бы не захапіў яе неадзетаю.

Лёгкім скокам Ганна ачулася пры глухой сьцяне пакою, пры вешалцы з адзежаю. Увішна пададзелася, абулася; пасьля ўважліва вымылася, прычасалася. Маці падала сьнедаць, а сама пашла ў горад. Так усё ёмка складалася для спатканьня! Прыдзе, а яна адна-аднэю ў хаце, сядзіць пры акне і чытае…

Ганна адчыніла другую створку акна і перагнулася паглядзець на двор. Пасьля прылатвіла крэсла і, узяўшы з свае невялічкае бібліотэкі томік Шэльлера-Міхайлава ў прылажэньні да «Нівы», пачала чытаць. Бязуважна: два радкі прачытае і паглядзіць у акно, два радкі прачытае і паднімецца. Усё — спакойліва і ўверана, ня лічачы часу, не шкадуючы яго прабегу.