Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/346

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тымчасам над горадам вітаў дзень. Чырвонае сонца залівала дахі будынкаў, ападала ў глыбокія выемкі-двары, адбівалася ў вокнах суседніх дамоў. Тоўсты пук яго праменьняў уліваўся ў вакно Рыгоравага пакою.

Мацнеў ды мацнеў гарадзкі шум.


VI

ВЭРМАНАЎСКІ ПАРК КІШЭЎ НАРОДАМ. Алеі прапускалі па сабе рэчку разадзетай сьвяточнай публікі. Пляцоўкі былі ўсеяны дзяцьмі з нянькамі, бонамі, гувэрнанткамі. Як-бы хто шліфаваў каменьні — шапацелі тысячы шагоў тых, што гулялі. Каб прыглядаўся, не знашоў-бы сумных твараў: амаль ня ўсе выглядалі задаволенымі, часта — вясёлымі, многа — радаснымі. Пагодлівы дзень ухарошваў вобраз, пераліваючы золата сонца на руні лісьця. Ачула асядала зьверху добрачынная цяплынь, ружуючы людзкое цела.

Рыгор у назначаны тэрмін зьявіўся ў парк. Разам з другімі прайшоў усьцяж галоўнае алеі, разьзіраючы па бакох. Пасьля завярнуў на бакавую дарожку, прашоў некалькі заваротаў і спыніўся на ўмоўленым месцы, направа ад саджалкі. Якраз тут было ня так багата людзей, і ён нашоў на аднэй лаўцы парожняе месца. Прысеў і ўстраміў вочы ў той бок, адкуль павінна была прысьці Наталя. Ён не западозрываў, нават, што яна ня будзе ім прыкмечана — абы толькі прышла. Вось ці прыдзе? Таксама не хацеў думаць адмоўна. Чамусьці быў ўвераны, што Наталя ня схлусіць. Але не прамінула і паўгадзіны, як Рыгор усумніўся: народ нясьціхана выліваў з вуліц і кіраваў у сад — парамі, па трое, адзінкамі. Найболей — маладыя мужчыны з дзяўчатамі, гімназысты, студэнты, рабочыя. Час-ад-часу мігалі між вачэй асобныя дзяўчаты ці хлопцы. А між іх ня відаць было знаёмага твару Наталі. Ці ён нядобра разглядзеў яго? Ня можа быць! Вобраз яе глыбока прашоў у Рыгорава нутро. Палкія вочы, рымскі профіль, малыя поўныя губы, роўны, прыўзны зьлёгку нос. Спрытная постаць з выхілястым станам і наўзьдзіў лёгкая хада. Ці-ж ёй загубіцца ў людзкой гушчы? Вось толькі адно — ці не забылася яна, што была ўмова? Ён пачаў адварочвацца ў другі бок, разьзіраць направа ды налева, назад ды перад сабою. Вырахоўваў час, ці хопіць яго на язду на ўзмор’е?..

Якраз вышлі з-за павароту тры знаёмых дзяўчыны з