Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/347

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

двума некімі мужчынамі: Рыгор нечакана павярнуўся і стрэўся з імі ўзрокамі. Знаёмыя міла ўхмыльнуліся. Адна пазвала:

— Ідзем разам на ўзмор’е! Каго вы чакаеце?

Усе зацішылі хаду і паглядзелі пільней на Рыгора.

— Ня маю часу — чакаю знаёмага.

— Хіба ня хочаце з намі? — пажартавала другая.

— Што вы? Крыўдзіце мяне.

— Прыходзьце, чакаем.

І калі яны адышліся, Рыгору стала прыемна ад гэтай стрэчы. Дзяўчаты паказаліся яму, як ніколі, блізкімі і шчырымі сябрамі, якіх шкода не паслухаць. Чаму-б не далучыцца да іх кампаніі? Рыгор намерыўся падняцца, каб дагнаць знаёмых, але тут-жа аддумаў: так доўга прачакаў Наталю. Яшчэ хоць дзесяць хвілін пасядзець.

Рыгор на гэтым супакоіўся і пачаў палачкаю выводзіць на пяску розныя фігуркі, літары. Вывеў, між іншым слова «Наталя». І вось касаваў патрошку, засыпаючы драбнюткімі каменьчыкамі апошнюю літару — я, калі збоку хутка зашамалі нечыя шагі, блізка-блізка, што прымусілі яго хутка падняць голаў і азірнуцца.

Наталя дробным альтовым рогатам акдазала Рыгору:

— Прачакаліся? Убачайце, — не магла раней. Вы тут заснулі, чакаючы.

У белым гаптаваным маркізэтавым плацьці, у добра падабранай да фігуры пастэрцы, мякка-блакітнай, з шырокімі берагамі, у жоўтых мэштах — Наталя далёка не дапамінала работніцы з заводу «Праваднік». Нельга было падмеціць у ёй і тых якасьцяй політычнага работніка-падпольшчыка, з выразнай псыхолёгіяй загаворшчыка-бунтаўшчыка, што ўжыўна ёй было на пасяджэньні дэлегатаў ад фабрык ды заводаў. Сур’ёзнасьць перашла ў лёгкую вясёласьць адмысловай жартаўніцы-дзяўчыны, якой ня чужы адпаведныя пачуцьці, мары і жаданьні…

І тое, што дзьве адмечаныя якасьці так пагоджана ўжываліся ў гэтай новай знаёмай, цалкам заняло Рыгора.

— Сядайце, — сказаў гасьцінна.

— Калі ласка, падайцеся крыху, — папрасіў ён справа суседку.

Пажылая жанчына скрыўленаю мінаю адказала на Рыгораву просьбу, прабарматала штосьці няўнятнае і адсунулася. Наталя села па вольнае месца.