Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/345

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пачаў чытаць:

«Дарагі Рыгору, я была ў цябе роўна а дзевятай гадзіне. Вельмі хацелася ўбачыцца з табою, каб пагаварыць. Столькі назьбіралася розных думак, столькі вынікла плянаў! Наша знаёмства далёка зашло і паставіла мяне перад настойным пытаньнем: як-жа быць? Чаму-ж бы табе не пачакаць мяне? Значыць — непатрэбна? Бывай!.. Калі ўгледзімся — ня ведаю.

Ганна».

Рыгор прачытаў і схамянуўся; задумаўся; пасьля яшчэ раз уважліва перачытаў і апусьціў руку з лістком; прысеў на крэсьле і ўпёрся думкамі ў два словы: Ганна — Наталя. У кароткі час — дзьве новыя знаёмкі, дзьве маладыя, слаўныя дзяўчыны. Ганна — натура сьціслая, з адчыненаю душою, даверная, прыгожая мяшчанка. Наталя, пакуль нявыяўленая, але захопная, па характару, па манерах загартованай работніцы — чалавек асабістых умоў, асабістага выхаваньня. Дзявочасьць, сакавітая, ядраная — у Ганны і суворая з орыгінальнымі замерамі — у Наталі. Дзьве — на дзьвюх розных ступянёх абставін: Ганна, — калі бурліла пачуцьцё разлукі з Зосяю, калі душа змагалася супроціў пустаты, якая апанавала яе пасьля разьвітаньня з Сілцамі, — тады зьявілася яму. Наталя надыйшла ў той момант, калі ён, Рыгор, уваходзіў у прачынетую перад ім створку да стану адпаведных абавязкаў рабочага, вяшчуна адказных намераў у наступным змаганьні працы з капіталам. Бяспытальна, паміж яго волі — тая і другая. Няўжо ён зусім бязмоцны? Адкуль тая падатлівасьць у яго нутру?

Тут-жа, помеж з усім іншым, вырасталі звычайныя пытаньні перад Рыгорам. І сьледам — далейшыя скуткі адмечаных знаёмстваў… Ганьніна пісулька — на першым пляне. Няўжо ён варты яе вострых папрокаў? Няўжо ён здацен да благіх дзей? Можа, сапраўды, але яны яму ня відны. Тады, ці можна ручаць, што і ў аднсінах да Зосі ён застаўся чыстым? А як пойдзе далей?

Паўсталі нядаўнія гутаркі з Наталяю. Выявілася, што ён зьвязаўся таксама і з ёю: умовіліся спаткацца ў нядзелю ў Вэрманаўскім парку. Ён ня можа не пайсьці, тым болей, што надарваліся адносіны з Ганнаю. А ў Наталі — столькі завабнага і новага!

«Мала што можа быць! Урэшце, усё гэта асобныя моманты суцэльнага перажываньня» падумаў ён.