Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/341

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

будзенныя клапоты, штодзенныя думкі, як губяць сваю меру ды ўзрост усе рэчы, чым вышэй ты ад іх. З тае высі, куды ён ішоў, будзе яму відаць ня толькі Сілцы, а цэлы сьвет. З тае высі яго голас пачуюць усюды ўсе, бо ад яго прамовы будзе залежаць кірунак здарэньняў.

У сваіх задзёрыстых сяганьнях Рыгор прапусьціў між вушэй шмат цікавых навін. Таварышы сьмяяліся, дзівіліся, строілі дагадкі і адгадкі, разьвітваліся, у пакоі цішэла, а ён марыў і лунаў па высях, у будучыне, горды, недасяжны, апалены прагнымі, яскравымі лятуценьнямі. Нават не заўважаў дзяўчыны, якая тут-жа пры ім сядзела, умілялася і чакала.

Нарэшце ў кватэры застаўся адзін Артур, — трэ’ было ісьці.

— Пойдзем разам? — абярнулася дзяўчына да Рыгора.

Той быў палішчаны яе пропозыцыяй і далікатна адказаў:

— Вельмі рад.

Яны разьвіталіся з Артурам і пакінулі яго кватэру.


V

— ВАМ ДАЛЁКА ІСЬЦІ, таварыш? — запытаў Рыгор дзяўчыну, вышаўшы з брамы.

— На Мар… вуліцу, — адказала яна.

— Здорава. Мне ў той-жа бок, хочаце, я правяду вас?

— Калі ласка: аднэй мне так нязручна.

Моўчкі прашлі яны вуліцаю да Дзьвіны, сьпяшаючы захапіць пераход ці пераезд. Па дарозе, настрэчу прашло некалькі чалавек. Рэдкія ліхтары асьвятлялі вуліцу. Стаяла цёплая, парная пагода. З гораду даносіўся ціхі шум. Калыхаліся снапы проміну, здавалася, калышучы сабою неба. На вакзалах сьвісьцелі параваікі. Каля кацернай прыстані стаяла некалькі запозьненых пасажыраў; адны ў другіх перапытвалі, ці вернецца кацер.

Яны прыпыніліся і сталі чакаць. З заліву паказаўся агромністы морскі параход; дзесяткі агеньчыкаў прарэзвалі адбіткам бляску чорнае палатно Дзьвіны. Зычны гудок хутка пранёсься над горадам, аддаўшыся дзесьці далёка-далёка, чуць не на моры. У тым-жа баку, але шмат бліжэй, мэрам сьвечкі, гарэлі вокны заводаў; над імі, пад небам, гулялі пукі рэзвых іскраў.