Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/342

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Туды глядзела некалькі пасажыраў, апісваючы прыгожасьць абачнага вобразу.

Паміж тым параход падышоў к прыстані, якраз супроць іх, і пачаў разгружацца. Узьбярэжная зашумела стукам калёс, выгукамі людзей, якія выяўна даляталі з другога берагу Дзьвіны. Нарэшце падышоў кацер, і яны праехалі ў горад.

— Можа паедзем з рамізьнікам? — запрапанаваў Рыгор.

Падарожніца крыху падумала.

— Ня варт, — адказала.

— А можа ўсё-ткі?

— Я-б хацела пабыць з вамі некі час.

Яе словы былі нечаканы для Рыгора.

— Я рад гэтаму, — мог сказаць ён.

І замілаваным узрокам кінуў дзяўчыне ў твар.

Моўчкі яны прашлі добры кавал узьбярэжнае, зьвярнулі ў завулак, крывы, глухі і вузкі, прамінулі дзьве ператочных вуліцы.

Нарэшце мімахоць вырвалася ў Рыгора:

— Вы даўно працуеце на заводзе?

Ён прыкусіў язык, чакаючы адказу. «Да чаго ёй маё запытаньне?»

Але дзяўчына толькі і чакала ад яго жывога зыку. Не пасьпеў замерці ён у Рыгоравых вуснах, як яна словаахотліва, гасьцінна адказала:

— Не, ня зусім. Я сама — швачка; працавала тры гады ў аднэй майстэрні — тут, у Рызе. А летась восеняй кінула… бач, не сама кінула, — прагнала гаспадыня за падгавор дзяўчат на стачку… Месяц гуляла бяз працы, а пасьля, з дапамогаю свайго дзядзькі, папала ў «Праваднік»… Чорную работу маю, цяжкую… Але нічога ня зробіш. Адна — пражыву як-кольвечы… Палацаў, пэўна, не нажыву.

Яна засьмяялася…

Рыгор нічога не адказаў: яму захацелася ведаць імя дзяўчыны і думаў, ці варт пытаць.

— Ну, а вы здаўна жывіцё ў Рызе?

Прышлося расказаць, як і што. І шчыра, бяз утайкі драбнейшага факту, расказаў ён, хто і што сам, адкуль прыехаў, як папаў на завод, як пазнаёміўся з Міхасём Камаром, як жыве цяпер…