Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/335

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сядзелі ў радок на мяккай канапе за прыстаўленым да яе поўкруглым сталом. З двух канцоў стала ляжала па некалькі кніжак, у пераплёце і не пераплеценых; пасярэдзіне закрывалі прагал разгорнутыя ва ўсе шыркі газэты. Рыгора сустрэлі моўчкі, і ён сам перарваў цішу прывітаньнем:

— Добры вечар!

За ўсіх адказаў гаспадар кватэры, які сядзеў ад акна.

— Вечар добры!

І запрапанаваў:

— Сядай, сябру Нязвычны…

Пасьля прыўстаў і запытаў Рыгора:

— Знаёмы з усімі?

Той прыглядзеўся — людзі былі незнаёмыя.

Усім падаў руку; апошняй — дзяўчыне, якая сядзела з другога канца канапы.

Прывітаўшыся, Рыгор прысеў ля стала побач з дзяўчынай.

— Мала цікавага, — пераняў Артур: — ды якраз няма сьвятла.

— Што-ж так доўга не падаюць? — запытала дзяўчына і прыўстала з месца.

Якраз бліснула электрыка. Адзетая ў цьмяны ўзорны абажур, лямпачка дала досыць сьвятла, так што людзі і рэчы выглянулі ў поўным акрэсьленьні.

— Вось прагаварылася.

Рыгор паглядзеў на дзяўчыну і захапіўся яе стройнасьцю, здаровым целаскладам, прыгожай постацьцю. Крыху прадоўглы смуглы твар з дасканала прымеркаваным роўным носам, з цёмнымі вачмі пад густымі чорнымі брывамі; мерны лоб, абложаны чарнаватымі, прыгладжанымі ў простую прычоску косамі. Яна была адзета ў простае поўшарсьцянае плацьце з перахопам у стане і з высокім каўняром, які шчыльна закрываў стройную шыю. Пастаяўшы колькі хвілін, дзяўчына села і, працягаючы ногу кранула Рыгоравай нагі.

— Убачайце!

— Калі ласка.

— Якая я няўдалая, ці ня праўда?

— Гэта можна вам дараваць.

— Ня вучылася абыходжаньню.