Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/334

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Няўжо Міхасёвым настроем будзе прасякнута ўся сходка? Няўжо яго, Рыгора, ніхто не падтрымае? Усё-ж Рыгор будзе цьвёрда стаяць на сваім, няхай лічаць гэта за ману, за непрадугледжанасьць, за мары.

— Ня ведаю, чаму вы так кажаце, — разьвітваючыся, праказаў Рыгор, — мне здаецца, што сьмерць ня лічыцца з рашчотам, а жыцьцё ня мераецца розным коштам.

Адышоўшыся на сажні два, ён улавіў яшчэ адну думку гэткага сэнсу, але вярнуцца назад, каб яе выказаць, палічыў ніякаватым і, разьбіраючы яе сам-сабою, пашоў дамоў.


IV

НА КВАТЭРЫ РЫГОР НЯ БАВІЎСЯ. Каб вярней папасьці на сходку, ён завідна прагулачным шагам пашоў на Задзьвіньне. Па дарозе некалькі раз спыняўся і па хвілін колькі сядзеў — у Вэрманаўскім парку, на бульварах. Таксама прастаяў крыху каля Дзьвіны. Усю дарогу разьмеркаваў на паўтары гадзіны і толькі апошнюю чвэртку ня ўлічыў, як лепей выкарыстаць, каб ня тупаць два разы па адным месцы. Але яму ніяк не ўдалося гэтага абмінуць: незнаёмая мясцовасьць і надышоўшы змрок паперашкодзілі яму зразу падмеціць патрэбную лічбу дому. Прыглядацца ён не хацеў, бо недалечка, на скрыжаваньні вуліц, стаяў гарадавы і пільна ўзіраўся за кожным пешаходам; асабліва, паказалася так, поліцыянт прыглядаўся на яго. Каб ня даць выгляду, што ён шукае каго ці чаго, Рыгор уверана прашоў да канца кварталу і павярнуў направа, каб абкруціцца вакола і тады проста ды ўверана ўвайсьці ў вароты. Абход патрабаваў чвэртку гадзіны, і Рыгор удвойчы прашоў адным месцам. Ці падмеціў гэта гарадавы, ці не, ён ня цікавіўся, а хутчэй прашоў у браму.

На дзядзінцы, агароджаным высокімі мурамі, гуляла куча дзетак. Пры ўходах, на нізенькіх ганачках, сядзелі кабеты і рэзва абгаварвалі здарэньні перажытага дня. Рыгор помніў, што трэба іці налева, да куткавога ўваходу, і павярнуўся, бясьцікаўны ля ўсіх, хто быў на дзядзінцы. Узышоў на ўсходы і вобмацкам, бо яшчэ ня было электрыкі, знашоў званок. Яму тут-жа адчынілі, мігам закрыўшы дзьверы.

У нелапым і, наколькі можна было падмеціць у змроку, чыста прыбраным пакоі знаходзілася ўжо некалькі чалавек; яны