Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/336

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— І яна засьмяялася. Рыгор з некаю патайною думкаю паглядзеў на прысутных, каб праверыць, ці яго аднаго так цікавіць гэта дзяўчына-таварыш, ці захоплены ёю ўсе прысутныя. Пяцёрка чалавек, наўзапой курачы, былі напэўна заняты іншым: яны перакідаліся адрыўнымі сказамі, некаторыя заводзілі рэволюцыйныя мэлёдыі, мянялі раз-у-раз позы ды пазіралі на гадзіньнікі.

— Нам яшчэ многіх трэба прычакаць? — запытаў ува ўсіх адзін з прысутных, доўгакосы, з бародкаю клінком, у акулярах, тыпічнага інтэлігентнага выгляду мужчына, гадоў за трыццаць.

— Павінны падыйсьці зараз, — адпавеў яму сусед, здаровы, белакуры, поўнатвары латыш: — вось яшчэ нават Міхася Камара… Нешта некае з ім.

Ён павярнуўся да Артура:

— Ці толькі прыдзе ён, наогул?

Рыгор адказаў:

— Я з ім бачыўся пасьля работы; абяцаў прыйсьці абавязкова.

— Ня можа ня прыйсьці.

— Можа што здарылася? — уставіла ад сябе дзяўчына.

— Нічога, пэўна, з ім ня сталася, а ўжо ў нас гэткая прывычка — заўсёды на паўгадзіны пазьніцца, — матнуў рукою інтэлігент.

— Не падабаецца мне гэта.

— А каму яно падабаецца…

Стук за дзьвярыма, а сьледам званок перабілі гутарку. Артур кінуўся да дзьвярэй і ўпусьціў зразу траіх чалавек, Міхася сярод іх.

— Ня думай, што разам ішлі, дагнаў іх, на ўсходах, — замест прывітаньня праказаў ён да Артура.

— Я і ня думаю.

Калі ўвайшлі ў пакой, Рыгор ня даў вымавіць слова, накінуўшыся на Міхася.

— Ваша холаднасьць і ў гэтым выявілася.

— А ты яшчэ не астыў? Ты — факел наш.

— Мо’ незнаёмы, — абярнуўся ён да ўсіх: — гэта з нашага заводу, мой вучань, можна сказаць, і мая гордасьць.

Усе паглядзелі на Рыгора, як-бы хочучы пераканацца ў праў-