Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/333

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выпытваў настрой комітэту організацыі, фракцыйныя спрэчкі, асьцярожна выспрабоўваў, як Міхась глядзіць на тэрмін абвяшчэньня забастоўкі, і пачаў выказваць свае думкі наконт гэтага.

— Мне думаецца, — казаў ён, — што зараз мы можам ня толькі што абвясьціць забастоўку, а і зрабіць спробу да варужнага выступленьня. Гэткі ёмкі момант! Абурэньне сярод матросаў, шэраг буйных забастовак, уздым грамадзкага нездаваленьня… Вось абгаварыць гэта, як сьлед, выплянаваць і зараз-жа за справу. Рабочыя ў добрым настроі…

Міхась тузануў яго за рукаў і наставіцельна паківаў галавою.

— Адкуль у цябе гэткі запал? Беспардонны максымалізм! Які ты гарачы стаў! Зразу гатоў сьвет перавярнуць. Пачакай. Паберажы свайго імпэту надалей, а то — выпшыкаешся скора. Яшчэ ня быў у пераробцы. Цябе латыскія с.-д. падбіваюць…

Для Рыгора Міхасёвы словы празычэлі зусім ня сур’ёзна, як быццам жартоўна, з прадугледжанымі кепікамі.

— Вы сьмяіцёся? Вас туманіць апортунізм…

— Як хочаш разумей.

Ён зьмяніў голас і нездаволена адказаў:

— Я ня ведаю, чаму вас ня кратае нічога. Няўжо вам не баліць усё тое, што робіцца наўкола. Дальбог, ну — я ня ўтраплю сабе, як гэта людзям удаецца так ёмка астудзіць свае пачуцьці… Разганяюць з фабрык рабочых, арыштоўваюць забастоўшчыкаў, судзяць на сьмерць людзей, а ім хоць-бы што — ліквідатарства… Мэрам так і трэба. Тут, памойму, ніводнае хвіліны ня трэба чакаць. Лепш памерці ў змаганьні, чымсь жыць у няволі…

— Праўда, праўда…

Міхась азірнуўся вакола.

— Лепш памерці ў змаганьні; лепш, чымсь жыць у няволі. Але, калі ўміраць, то трэба адно мець у воку, ці ўсё ты купляеш сваім жыцьцём, ці мог-бы ты яго прадаць за больш дарагую цану. Уміраць на полі бойкі трэба з рашчотам… Умерці — невялікая штука…

Рыгор задумаўся. «Міхась, якога, як-ні-як, нельга западозрыць у мяшчанскім настроі, а размаўляе дзяляцкі, куртаты меншавізм заядае.

Хто з іх праўдзіў?