Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/329

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Так, добра… Ну, я пайду к станку.

Рыгор адвярнуўся і ўгледзеў майстра, які ішоў насустрэч, правяраючы рабочых.

— А, Іван Пятровіч, а я вас чакаю… Што мне пачынаць?

Іван Пятровіч, здаравенны русак, з чорнымі паднятымі на рожкі вусамі, з каўнерыкам пад незамурзанай кашулькаю, выбрыты ды прычэсаны, добрадушна прывітаўся з Рыгорам і адказаў:

— Нічога, дамо работу. Пастараемся знайсьці цяжэйшую пасьля гульні; нябось, набраліся сілы ўдому.

Па шырокім твары майстра прабегла цёплая ўхмылка, а вочы бліснулі патайным агеньчыкам хітрасьці.

— Ну, як правялося ўрэмя? — запытаў ён.

— Ня дрэнна.

— Ды я думаю, у бацькоў ды каб было дрэнна.

Рыгор змоўчаў, хапіўшыся думкамі за сходку. Толькі прайшоўшы некалькі крокаў, адказаў:

— У іншых лепей без бацькоў, ніж з бацькамі.

— Чаму?

— А таму, што мая маці ня вельмі мае з чым сына сустрэць.

Майстар перапусьціў тую-ж ухмылку, кіўнуў галавою і забег у канторку. Рыгор падышоў да станка і пачаў аглядаць яго з усіх бакоў. І не заўважыў, як падышоў к яму майстар з работаю.

— Вось вытачыце дзесяткаў два гэтых шрубак, — праказаў ён і адышоў.

Рыгор паважна пастроіў станок, уставіў кавалак сталі і пусьціў калясо. Прывычным настроем накіраваў разец і ўпусьціў яго ў сталь. І тут-жа засьвісьцела блішчастая доўгая стружка, гадзінаю папоўзшы яму на прыпол; за ёю другая, трэцяя… Ён ня спускаў празрыстага ўзроку з аднэй кропкі, ня зводзіў увагі ад станка. Яго шустрае вярценьне і разьба сталі прыцягалі да сябе Рыгораву ўвагу і разам захаплялі яго процэсам творчага руху… Ён міжвольна зьліваўся з бегам каляска, з міганьнем высокага адшліфаванага ў зеркала валіка.

Рыгор ня прыкмеціў, як прасядзеў пры станку да абеду, неадгінна, упіліўшыся нязьмігутным узрокам у лёза разца. Гудок, апавясьшіўшы перарыў работы, растаў у завыўным посьвісьце станка і застаўся ім не заўважаным.