Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/330

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што так шчыра прыняўся за работу? — перабілі яго суседзі: — на абед пара.

— Ласьне ўжо быў гудок?

Звычайны абедзенны рух па майстэрнях паказваў, што быў.

Рыгор спыніў станок і прыўстаў. Закалола ў плячох, задрыжэлі ногі ад няпрывычкі. Але ён не марудзіў і пакінуў майстэрню не астатнім.

На дварэ нагнаў некалькіх знаёмых таварышоў і разгаварыўся.

Гутарачы, яны зайшлі ў харчоўку. Цікавасьць да настрою сярод рабочых іх заводу і суседніх фабрык, якія дзесяткамі мясьціліся ў гразкай няпрытульнай харчоўцы, цягнула яго пабыць з імі. Заўтрам яму будзе матэрыял у руках, каб абстойваць сваю думку, як найхутчэй пачаць забастоўку. Улічаючы важнасьць гэтага пытаньня, Рыгор праз увесь час абеду падтрымоўваў гутарку з рабочымі за сваім і суседнімі сталамі. Вакол яго сышлося да двух дзесяткаў чалавек, якія пільна прыслухоўваліся да гутаркі і хвіліна-ад-хвіліны ўстаўлялі свае адабрэньні. Цэлаю грамадою правялі яны Рыгора ў завод.


III

ВЕЧАРАМ, ПАСЬЛЯ РАБОТЫ, Рыгор вярнуўся на кватэру. Быў настрой нікуды ня выходзіць. Пільная, захапіўшая яго цалкам работа як-ні-як стаміла за дзень; ён адчуваў цяжар ва ўсім целе і калі зашоў у пакой, — пацягнула адпачыць. Шчымела ў галаве: хацелася даць перадышку разгарачанаму мазгу.

Рыгор пасьпешна разьдзеўся і прылёг. Яго зразу ахапіў здром; ён на некі момант зьнябыўся, некалькі хвілін прадрамаў. Але раптоўны званок у дзьзярох яго разбудзіў. Рыгор схамянуўся і прыўстаў. «Ці ня Ганна?» стукнула ў голаў выразная думка. Ён прыслухаўся і, затаіўшы дыханьне, пачакаў, пакуль адпёрлі дзьверы і загутарылі на калідоры. Аднак, па голасе ён пазнаў, што то прышлі не да яго, і супакоіўся; прылёг зноў. Заплюшчыў вочы і намерыўся заснуць. Але ўжо на гэты раз думкі мяшалі, ён ня мог адагнаць ад сябе вобразу Ганны. Праз цэлы дзень і ня думаў, — а тут раптам яна знашлася; як-бы чакала ўрочнага часу, каб цалком запаланіць яго ўвагу і пачуцьцё. І якраз пасьпела, — ці-ж ад яе ўхавацца?