Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/328

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сьпешна пераадзяваліся ў рабочую вопратку. То сям, то там, каля станкоў раздаваўся бразг сталі, — то пачыналі даставаць струмант. Некалькі майстраў і падлічнікаў хрономэтражаў прабеглі ўсьцяж майстэрні, паглядзелі на варштаты і спусьціліся ўніз. Рыгор акінуў узрокам цёмна-шэрыя галы будынку, уздыхнуў і падышоў да станка, дзе працаваў перад водпускам. Усё стаяла на сваім месцы, як і пакінуў; толькі ззаду, пад комлем, хтось уткнуў новую скрынку з напільнікамі, малаткамі, разцамі, шаблёнамі, рэхвамі і шрубамі. Ён карпануў рукою, як-бы шукаючы чаго, і адышоў к шафе паглядзець свайго рабочага гарнітуру. Кашулька ляжала на сваім месцы зложанай, як трэба, прыпыленай. Рыгор узяў яе, абгледзеў і намерыўся надзяваць, шукаючы вачмі портак.

Гэтым часам завод рушыў: усё вакола зашыпела, закруцілася, заляскала, забранчэла. Няпрыкметна рабочыя разышліся па мясцох і прыняліся хто наразаць, хто тачыць, хто шліфаваць, хто стругаць, хто вастрыць на наждаку разцы ды зубцы. Зьнізу хлынула пара, перамешаная з дымам, смуродным ды ўдушлівым. Зазьвінелі ўдары малатоў па жалезу.

Рыгор вярнуўся к станку і перш хацеў прысесьці ды пачакаць майстра, а пасьля перарашыў і пашоў усьцяж майстэрні. Прывітаўся са знаёмымі таварышамі, пераказаўся з імі двума-трыма звычайнымі словамі.

У канцы праходу, другім ад сьцяны, працаваў на стругальным станку Міхась Камар. Рыгор падышоў да яго, прывітаўся і запытаў:

— Ці ня бачылі майстра, часамі?

Міхась аглядзеўся вакола.

— Толькі што быў тут. Мо’ ўніз дзе пабег, у кантору… Навошта ён табе?

— А я ня ведаю за вошта прымацца.

— Зараз прыдзе наверх…

Памаўчаў і паглядзеў на суседзяў.

— Ну, заўтра сходка, не забудзь…

— Заўтра, ласьне?

— А чаго адкладаць… Трэба карыстацца момантам.

— А дзе?

— У Артура Цьвібеля, на Задзьвіньні… Яшчэ стрэнемся заўтра, а між іншым папераджаю…