Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/313

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І, адышоўшы на два-тры крокі, успомніла, што забыла запрапанаваць яшчэ адно.

— Сёмка? — ціха пазвала.

Той абярнуўся.

— А мо, да нас пойдзеш начаваць? У прыгрэбіцы на вышках вельмі зацішна: я пасьцялю табе хоць зараз? Га? Нават і бацькі ведаць ня будуць.

— Не, не. Дзякуй! А мо’ ўсё абыдзецца добра.

— Калі хочаш? Падумай!

— Дзякуй.

Разышліся.


VIII

БЫЛО ЎЖО СЬВІТАНЬНЕ, калі ў Прыдатных скончыліся ўладзіны. Мястэчка, асабліва яго земляробская часьць, прачыналася да будзённага жыцьця, да звычайнай працы. Па дварох чуўся гоман і пярэзвы. Пастухі выганялі ў поле гавяду. Трубілі ў бяроставыя трубы, гралі на жалейках, крычалі і нукалі. Гавяда рыкала, мэкала, чуючы спажыўную папаску. А ўсяму гэтаму галасу ўтарылі песьні і танцы сватоў. Яны гамузам вышлі на вуліцу, цягнучы за сабою бяседу. Берагава палавіна наладзілася да хаты, а Прыдатных — праводзіць. Як пачалі ў хаце — дык праз двор і на вуліцы не маглі кончыць пацалункаў. Выкладалі адны другім тысячы розных пажаданьняў, зычэньняў, пахаценьняў: ня было канца падзякам. Нарэшце Хлёр з Фядотам Грыбам вылузаліся з Марціных рук і пашлі ў прысядку драпака — віліся як немчыкі, прыгуквалі, пляскалі ў далоні, паднімалі ўверх шапкі. Сваёю зухаватасьцю раздражнілі іншых — і хутка на вуліцы зрабіўся карагод. Папрачыналіся, хто яшчэ спаў, і праз вокны, а то вышаўшы на двор, дзівіліся на разьюшаных сватоў. Адны зайздросьцілі, другія — злаваліся і клялі, трэція нядбайна паглядалі.

— А Зося дзе? Дзе Зося? Васіль, чаму не вядзеш з сабою Зосю? — гукаў старшыня Андрэй.

Абняўшыся, яны выбраліся наперад і сталі зваць сватоў да хаты. Туга, з неахвотаю — усё-ж па адным пачалі разыходзіцца. Гурток з Тадосі, старшыні, Хлёра з жонкаю і двух Берагавых раднякоў, азіраючыся на Прыдатнага хату, пашлі напрамкам