Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/312

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сёмка так паставіў пытаньне? Што-ж за навіна, калі што і здарылася з Зосяю? Эх, мужчыны, а самі вінаваты амаль не заўжды».

Яна глыбока ўздыхнула і палажыла голаў на Сёмкавым плячы.

— Ну, што-ж маўчыш? — пачула над вухам і выпрасталася зноў.

— Не, мне Зося не казала нічога. А ласьне ты вінаваціш яе, калі дапусьціць праўду?

— А патвоему як?

— Памоему…

Волька заблуталася, а Сёмка злавіў у ёй саромлівую нерашучасьць і пасяброўску падсьмяяўся.

— Кажы, кажы, Сёмка, — адбілася яна.

— Я ня віню яе, а я баюся за яе, шкадую яе… У баб доўгія языкі… Што ім каштуе хлусьню разбрахаць па мястэчку, а тады…

Волька згадзілася з Сёмкам. Міжвольна яна адцягнула на сябе пуглівую думку-параўнаньне, — і спынілася перад голасьцю праўды: магло-б так стацца і з ёю, бо яна любіць Сёмку.

— Я ня віню Зосі, — яна так шчыра кахала Рыгора, што магла пайсьці на ўсё.

— І пашла?

— Ня ведаю, але, каб і пашла, то ня грэх.

— Я люблю такіх шчырых, як ты.

Каб болей не гаварыць на гэту каразьлівую тэму, Сёмка запытаў:

— Дык можа ты зойдзеш да Зосі?..

Маўкліва ўсталі і пашлі.

Ужо было шмат за дванаццатую гадзіну ночы. Вуліца пусьцела і цішэла. На ўсходзе завязваўся золак. Каля Прыдатных з вялікага натоўпу асталося некалькі невялічкіх гурткоў моладзі, якая ўсё яшчэ не пакідала наглядаць за ўладзінамі, як-бы ахвяраваўшы дачакацца іх канца.

Сёмка падвёў Вольку, не даходзячы аднэй хаты, да Прыдатных, спыніўся на хвіліну і разьвітаўся.

— Прашу цябе — усё захавай, — парадзіла яна Сёмку.