Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/307

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

VI

У ХАЦЕ ПРЫДАТНЫХ пачаліся ўладзіны яшчэ з завідна… Калі Сёмка вышаў на вуліцу, было цёмна; у Прыдатных жукацела сьвятло, акідаючы променем натоўп гледачоў, што грудзіліся каля хаты. Сёмка праціснуўся к двару і паглядзеў у покутнае акно; якраз у акне была Зося, якая перамаўлялася з некаю маладзіцаю. На бляску сьвятла Сёмку ўдалося разабраць сумныя нарысы на Зосіным твары. Каб ніхто не падмеціў, што ён разглядае яе, Сёмка крута заламаў у цень і прашоў да вугла тыльнае сьцяны. Тут, крыху на адгоне ад прызбы, трымаючыся ў баку ад натоўпу, стаяла двое кабет, якія да таго разгарачыліся ў гутарцы, што не зьвярнулі ўвагі на Сёмку. Ён для цікавасьці прыпыніўся кроках у двух ад іх і, даючы выгляд, нібыта сам глядзіць у акно, прыслухваўся да кабет.

— Яшчэ гэтага ніхто ня ведае, мая галубка, — казала адна маладзіца другой.

— А ты-б узяла ды сказала, навошта хаваць, — радзіла другая ўверана і наглавата.

— Дык Зосі чамусьці шкода, — не здавалася першая: — мала што трапілася — абы ніхто ня ведае… Ды, папраўдзе сказаць, чаго там вельмі саромецца. А Рыгору губіць ад гэтага няма чаго. З кім таго ня бывае. Заўсяголаў…

Сьпевы і гоман, якія чуліся ў хаце, перабівалі гутарку маладзіц, і Сёмка мусіў пільней прыслухоўвацца, скеміўшы, у чым справа.

— Дык кажаш, Марцэля, гэта ўсё твой Юзік бачыў? — смакавала другая.

— Вось калі — пэўна. Ехаў так з Паплавоў і чамусьці намеркваў на Лужкі. Угледзеў воз — што-ж? стаіць воз — няхай стаіць. Але пад’ехаў гэта, кажа, якраз, глянуў, аж пад возам на паплаўцы… Вось мой мудрагель як крыкнуў, як зарагатаў — ха-ха-ха! — дык і Рыгор, і Зося, як апараныя, паўзьнімаліся і баржджэй паадварочваліся ўбок… Цікава, кажа, што бессаромна і бясьпечна — вось-жа каля сьценкі. Да таго захапіліся, што не маглі стрымацца…

Апошні сказ, пэўна, засароміў слухальшчыцу і тая суцішна супыніла суседку:

— Каб ты спрахла, каб ты, Марцэля; цішэй крыху.