Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/306

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нядбайліва матнула рукою: — Напішаш ты, Сёмка, — напішу і я ад сябе — хай махне рукою. Ці няпраўда, Хведар?

Той падняў кнот у газьніцы, зьняў лучынкаю нагар, скалыхнуўшы ценямі ў хаце, пастукаў некалькі разоў, каб ня курэла, зацягнуўся і разважна адказаў.

— А чаму, Стэпа, няпраўда? Вядома, што праўда. Рыгору знойдзецца пара, чаго і казаць. Пане мой, такі хлопец, што ані рады. Дурноту спаганяў, што ўвіваўся за Зосяю. Мацыя вялікая, падумаеш!.. Яму яшчэ пасьпее вырасьці…

Саламея адхілілася ад пасуды і дадала к мужавым словам:

— Як для твайго Рыгора, гэтак і дзеля майго Сёмкі знойдзецца колькі хоць дзяўчат. Абы хацелі жаніцца. Вось калі, вось калі! Няхай Прыдатныя свой гонар у торбе носяць, а мы і без яго абыдземся, абыдземся…

А Сёмка слухаў гутарку старых, пасьмейваўся; час-ад-часу пазіраў на цёмную пляму акна, не давяраючы двароваму спакою. У вачох і ў думках стаяў Віктар, Хаім, Сроль; мігаліся проклямацыі, паўставалі лес і поле — а сэрца выбівала глухую трывогу, а цела дрыжэла ў рухавай нэрвовасьці. Не хацелася заседжвацца ў хаце — цягнула на вуліцу: хоць-бы аднаму прайсьціся, калі ня ўдасца нікога напаткаць і пачуць сьвежую заспакойваючую думку, хоць-бы разагнаць засеўшую ўнутры няпрыемнасьць ад арышту.

Якраз пачуліся песьні, што зацягнулі на зборні дзяўчаты; заўтуравалі галасы і вясёлыя, бесклапотныя выкрыкі дзяцей — уладзіны іх прыцягалі да сябе з усіх куткоў вуліцы.

Сёмка пасьпешна сабраўся пакінуць хату, але спыніўся пры дзьверах, аб нечым думаючы.

Стэпа паглядзела на яго і, каб не затрымаць, папярэдзіла:

— Ды ўжо ідзі-ідзі, Сёмачка, не глядзі на нас. Ідзі, дзякую табе, што крыху душу маю суцешыў, — а то гэтак нудна, гэтак горна, што дзецца няма дзе. Цяпер пайду, мо’ спакайлівей засну.

Яна зрабіла крок да дзьвярэй, разьвіталася. Сёмка прачыніў дзьверы і прапусьціў яе наперад сябе, а сам пашоў за ёю.

— Ты-ж не загульвайся, сынок, а то заўтра зранку прыдзецца ўстаць ды ісьці дакасіць той шматок поплаву, а днём — будзе пагода — то звазіць.

Сёмка адказаў з-за дзьвярэй:

— Я ведаю.