Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны мінутку памаўчалі, а пасьля другая са смакам выказала:

— А цікава было-б, каб гэта парадаваць гэтым Васіля. Ён, пэўна, і ня думае аб сім…

— Гэ, дачуецца к вясельлю, — уверана сказала Марцэля.

— Усё-ж ты ня так ужо паўсюдзь гэта…

Сёмка далей ня слухаў. Адышоўся ад кабет у натаўп і задумаўся. Успомніў настрой Рыгора ў дарозе, а Зосі, калі падвозіў яе з травою. Адгадаў, што абое цяжыліся нечым. Сёмка гостра зацікавіўся, як далей пойдуць здарэньні. Ён дапускаў, што Васіль дачуецца пра Зосін грэх і будзе мсьціць ёй за гэта, датычна Рыгора — сумняваўся, каб яго адцягнула ад думак пра Зосю тая дзяўчына, што стрэлася ў Ліцку на станцыі. Раздумваючы так, Сёмка падышоў да Ярмалаевай хаты, дзе ішла зборня. Хлопцы і дзяўчаты прывіталі яго хорам:

— Добры вечар, Сёмка, — а сьледам Пятрусь цішком дадаў:

— Ты яшчэ цэлы? А я думаў — у карты з Віктарам рэжашся.

— На варагі казана, — перабіла Волька.

Усе зарагаталі.

— Абарона Сёмку, — падаў хтось з гурту.

— Дзякую ёй, — знайшоўся Сёмка.

І запытаў Вольку:

— Ці-ж ты, Волька, не ў сватох?

— Цікавішся? — праказала Гэля Сідорышка.

— Цябе чакала, — уставіла Аксеня Астапішка.

— Мяне?! Разам ня пойдзем.

— Як бачыш…

Волька рашуча перабіла:

— Годзе ўжо, годзе. Залепяталі.

Зборня ўнялася і перашла да звычайных разважаньняў, жартаў, сьмеху і піскаў. Адны намерваліся пяяць, другія перабівалі, трэція перакідаліся словамі. Атрымоўваўся рыначны задзёрысты бясклопатны шолам, які зьліваўся з гоманам натоўпу каля хаты Прыдатных, з песьнямі і крыкамі сватоў у хаце. Дзякуючы ціхай ночы, гукі далёка разыходзіліся ва ўсе канцы мястэчка. Сёмка прытуліўся да Волькі і выказаў сумненьне на конт свае бясьпекі: