Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/298

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кінь, браце. Захочам — і сьвет перавернем… раней ці пазьней, а перавернем. Закружыцца, як калаўрот, і толькі пыл паляціць ад старога… Вунь — як на Ліцкім шляху…

— А ты, як бачу, загарачы… Каб вачэй не засыпала.

— Прывыклі да пяску — усё жыцьцё рыемся.

— Было-б добра…

Гутарачы, глядзелі то на сьцежку, пукатую, з бакоў абмытую вадою, то на мігаценьне каласоў — і не заўважылі, як падняліся на ўзгрудак, дзе меншае жыта выкрыла іх. Ветрык, нагнаты з палудню, дзе згушчаліся хмары, трапаў іх косы і студзіў твары. Пачуўся выразны гул кірмашу, усё яшчэ зычны, цьвёрды, мэрам-бы ніхто і нішто яго не разрэдзіла к вечару… Мэрам-бы яго была несчарпаная крыніца, што вылівала ва ўсе бакі па гасьцінцах, а дапаўняла з-пад зямлі, каб трымаць адзін ровень…

Ізноў Ліцкі шлях — той самы наплыў людзей… Як-бы знарочыста наладжаная помпа выпампоўвала нязьлічаны лік хурманак і вылівала іх з цесных вуліц на польныя галы. Ажно бурліла пры будынках, што былі апошнімі ад поля.

Хлопцы ня спускалі вачэй, любуючыся людзкім вірам, пакуль не зашлі ў гароды, адкуль гумны засланілі шлях.

IV

ПАНЯСЛО ГНОЕМ І ПЫЛАМ — мястэчка. Праз вузкую вулачку яны прашлі на Тыльную вуліцу. Было прыкметнае ажыўленьне: многія з мяшчан толькі што варочаліся з рынку, іншыя ўжо сядзелі на прызбах і абгаварвалі перажыты дзень, дзяліліся чуткамі і навінамі, датыркалі наступнага жніва. З многіх двароў выяжджалі гасьціўшыя сяляне, разьвітваючыся з гаспадарамі.

Бегалі па вуліцы дзеці то з булкамі, то з цукеркамі. То сям, то там дзе стаялі каля хат, а дзе ішлі дамоў парачкі — хлапец з дзяўчынаю. На іх заглядалі, імі цешыліся кабеты.

Сёмка з Пятрусём павярнулі ў бок рынку. Ішлі паціху, мэрам-бы нічога ня ведаючы. Сустракаліся з знаёмымі — віталіся, калі ня бачыліся да таго, перакідаліся словамі, калі раней ужо сустракаліся. Але ніхто іх ня пытаў, дзе і што былі — таксама нікому ня было ўшманкі, што Сёмка з Пятрусём больш поўдня правялі ў адсутнасьці з мястэчку.