Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/297

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ваю. Грукацеў, курыўся пылам. То разьяжджаўся кірмаш — ехалі дадому далячэйшыя госьці.

Шлях прыкаваў хлопцаў да сябе: яны ўстраміліся ў яго пільнымі ўзрокамі і мералі ад лесу да ўзгорку. Прагліся пранізаць вачмі чорную сьцяну дзярэў, дасягнуць да таго месца, дзе раскіданы проклямацыі і глядзець як іх будуць падбіраць. Супыняцьмуцца хурманкі, злазіцьмуць мужчыны ці хлопцы, падбірацьмуць па дзьве, па тры штукі.

— Ведаеш, Сёмка, так і цягне вярнуцца ды паглядзець.

Пятрусь стаў на наскі і працягнуў голаў, як-бы хочучы перакінуць ўзрокі праз лес.

— Нічога ня будзе. Падбяруць. Давай ісьці, — пацягнуў яго Сёмка за руку.

Яны пашлі, апускаючыся ў лагчыну. Шлях карацеў, а пасьля і зусім зьнік з вачэй — заступіла жыта з усіх бакоў, як сьцяна. Прыпарвала. Хлопцы зьнялі шапкі. Хацелася абоім піць.

— К вечару, а гарачыня.

Калі ізноў пачыналася ўзгор’е, пры заломе сьценкі, улева, жытамі, сілцоўскія людзі пралажылі вузкую беленькую сьцяжынку, нацянькі, як аднаму прайсьці.

— Заломім сюды і праз гароды.

— Не спрачаюся.

Ішлі працягнуўшы рукі — згіналі жыта — і гутарылі.

— Мала ўсё-ж, на гэткую грамаду! Ці было ў нас з тысяча? — шкадаваў Пятрусь.

— Хопіць. Было тысяча. Хай толькі кожную прачытае адзін чалавек.

— Тысяча чалавек! А часта адну прачытае некалькі ды ад сябе перададуць. Калі яшчэ тое будзе, што оратар магчыме казаць прамову гэткай грамадзе сельскіх людзей. Падумай — тысяча! Няхай палова пяройме думку і то што значыцьме!

Пятрусь памаўчаў.

— Добра, то добра… Але колькі патрабуецца часу, пакуль мы гэткім парадкам раскалышам вёску! Гукаем, швэндаемся ўкрадкаю па лесе ды па полі, а сьлед дзе?

— Што ты так раптоўна заняпаў духам! Муха за палец укусіла?

— Ня жарты! Сапраўды кажу.