Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/299

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Якаво вышла ў Сроля з Віктарам?

— Ці хадзілі яны?

— Павінны.

— А хто іх ведае: сустрэць-бы каторага з іх і распытаць.

З намерам угледзець каго-колечы з сваіх, лепш усяго Сроля, яны павярнулі ў Яўрэйскі перавулак, а адтуль на рынак.

Ня гледзячы на хмары і на позны адвячорак, на рынку яшчэ было людна, куды шумней, як у звычайны нядзельны дзень: вакол крам і пры будынках стаяла шмат падвод распрэжаных, з паднятымі ўгору аглоблямі; швэндалася многа селькіх людзей — адны за справамі з крамы ў краму, другія па піўных і корчмах, трэція ўсё яшчэ даспацыроўвалі; грамадкамі, як сходкі, у баку, пры ганках і дварох зьбіраліся мяшчане, вядучы бясконцую гутарку аб усім-усялякім.

Нясло гострым пахам гною і сьпірытусу.

Хлопцы прастаялі каля чвэрткі гадзіны, але нікога ня ўгледзелі.

— Пройдзем, хіба, — параіў Пятрусь.

— Пройдзем.

Рушылі ўправа, дзе выглядала больш мятусіны. Прашлі між шэрагу гандляроў — лыкам, гаршкамі, палатном, рашотамі, між «рускіх» з кніжачкамі і карцінамі.

— Відаць, Сроля нам ня сустрэць; мо’ дзе дома сядзіць?

— Пройдзем яшчэ раз вакола — і да хаты.

— А такі і гэтак.

Згадзіліся і павярнулі ўлева, але не пасьпелі ступіць, як ззаду пачулі вокліч:

— Хло-опцы-і, пачакайце-э!

Хлопцы азірнуліся і ўгледзелі дзяўчат — Вольку і Гэлю, якія іх наганялі.

— Хоць пад вечар ды злавілі! — пажартавала Волька, падаючы руку.

Гэля павіталася другою.

— Яны думалі, што мы ня знойдзем іх! — дадала яна.

У хлопцаў ня было настрою да сьмеху і жартаў, аднак, яны ня далі на гэта выгляду.

— Го-о! Хто ад вас вырвецца. Вы налаўчыліся лавіць хлопцаў, як кошкі мышэй, — адказаў дзяўчатам Сёмка.

— Спрытныя да мужчын, — уставіў ад сябе Пятрусь.