Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/293

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

лася страха бліжэйшых да Сілцоў хутароў, ад іх убок — крыжаваў крылы вятрак. Вось выбег з-за мяжы, з-за жыта, нечы сабака, плямісты, буйны, і пусьціўся наўскасяк, праз папар, да млыну. Пэўна, пачуў іхнюю прысутнасьць, бо, адбегшыся, пачаў раз-по-разу азірацца. Доўга ня выходзіў з ваччу, а пасьля зьнік за горкаю.

Хлопцы правялі яго ўзрокамі і адвярнуліся к лесу, які перапінаў папарны разгон. Над яго шэрым галам ляталі рэдкія жаўранкі, але чамусьці не хацелі шчабятаць. Накіроўвалі да паплавоў, што ганоў праз пяцёры, у лёгкай лагчыне, зялёнаю плямінаю пярэсьцілі шэры гал.

На папярочцы-сьценцы, што аддзяляла загуменьні ад папару, хлопцы прыпыніліся парадзіцца, як ісьці к лесу — ці праз папар, ці загнуць на пасеку, у бок Масткоў. Вымеркавалі час, далячыню, выгаднасьць пустэчы папару і пастанавілі шнураваць на цянькі, усьцяж палосак. Выбралі шырэйшую мяжу і адзін за другім, гуськом, пашлі.

Мястэчка аддалялася — апускаючыся за горку. Гоман рабіўся ціхім, глухім. Каркала варона ці квактала перапёлка, выпадкам пралятаўшыя над імі — заглушалі яго.

Каля поплаву хлопцы перашлі на косую сьцяжынку, што вытапталі каровы, а пасьля даезьдзілі хурманкі. Сьцяжынка меркавала тым-жа кірункам, што і самы шлях, толькі на адгон, невялічкаю палогасьцю, нібы баючыся выявіцца. Была выгадная дарога, але падбліжаўся лес і сурова пазіраў цёмнымі вачмі на бунтаўшчыкоў. Таіў у сваіх нетрах невядомае, неспадзяванае. Нейкаю скрытнаю сілаю закідаў на хлопцаў і заварожваў да сябе іх узрокі. Абудва з пачуцьцём няпэўнасьці адчувалі яго блізасьць — знаёмае пачуцьцё настарожлівасьці перад важнаю справаю, а для другіх перад праступкам. Сёмка маўчаў — маўчаў і Пятрусь. Кожны ведаў пра другога настрой, навошта казаць. Нават не пераглядаліся, а, устраміўшы вочы ў цёмную сьцяну, ішлі, ня думаючы вяртацца, не азіраючыся.

Здалося доўгаватым пакуль параўняліся з гранічкаю, але з гранічкі зразу, занядбаўшы ўсё — скокнулі ў кусты. Затрашчэла гальлё — панёсься водгук. Толькі пташкі адклікнуліся! Лес жыў сваім жыцьцём: гулі шэршні ды авадні; доўб дзяцел сухастоіну-асіну; пархалі жоўтабрушкі, валовыя вочкі, сіваваронкі. Сам сабою абламваўся струхнеўшы сук і гопаў у мяккую траву;