Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/292

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Яно-то праўда, што Зося паддурыла. Чаго ёй было трусіць! Жыватугам не аддалі-б. Пагрызьлі-б бацькі, пагрызьлі-б, а пасьля і замаўчалі-б.

Гутарачы, яны сышлі з горкі, мінулі рачулку. Каля Берагавае хаты прымоўклі і пільна паглядзелі ў вокны, ці не сядзіць хто і ня бачыць. У вокнах ніводзін нікога ня прымеціў, а Пятрусь угледзеў на дзьверах замок і штырхануў Сёмку, праказаўшы:

— На рынку недзе, хата на замку.

Тоўсты жоўты сабака, Ніц, расьцягнуўшыся пірагом, чутліва ляжаў у кутку між плотам і брамаю. Расплюшчыў вочы і правёў хлопцаў.

Далей, між гумнамі, пэўней было ні з кім не спаткацца: нідзе нікога. На рэдкіх прыгуменьнях пасьвіліся прыпятыя коні, на невялікіх дзярэўцах чырыкалі вераб’і. Але — пакуль узышлі на грудок — хлопцы азіраліся назад. Азіраліся і лавілі вушамі прыліў рынкавага гоману, які саматугам адрываўся з зямлі ды нёсься ўпрочкі з мястэчка. Кірмаш кіпеў буйным жыцьцём, не патураючы на нічога, папераджаючы ўсю іншую справу кожнага сілцоўца і блізка Сілцом чалавека. Напэўна, каб і сказаў каму, што якіхсьці пара хлапцоў кінулі ўсякую ўрачыстасьць у мястэчку і накіравалі за якімі там справамі ў поле — ніхто не паверыў-бы. Як, ласьне можна памяняць фэстаўскае сьвята Пётры на што-колечы іншае? Каму гэта ў голаву ўпадзе? Мо’ аднэй толькі поліцыі. Але — то ня дзіва, бо яна ніколі неспакойна. Усюды і ўсягды ёй бачыцца і сьніцца, як людзі заняты справаю змаганьня з існуючым ладам. Потайкам і яўна. Скрытна і адкрыта. Проста і хітрыкамі. Усе, усе, а найпаўней — моладзь. Організацыя — рамесьнікі, краўцы, гарбарчукі.

Гэта мелі на ўвазе Сёмка з Пятрусём, калі ня верылі загуменнай сьцішы і правяралі сябе частымі возіркамі. Ня шкодзіць быць старожкім… Пакуль яшчэ можна абхітрыць у выпадку чаго.

Але гумны хутка апынуліся ўзадзе: перад імі разьлягліся папарныя галы, на ганоў двое ад апошняга гумна. Загуменьні калыхаліся румяным збожжам усіх выглядаў — ад жыта да канюшыны. Мэрам знарочыстая разасланая тканіна — зялёна- сьветла-зялёная з жоўтымі палоскамі разгарталася абапал сьценкі збажына. Управа, на поўнач, з-за лёгкага ўзгорку відне-