Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/294

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ад трапунковага ветру разам ускалыхваўся арэшнік і рабаціў у ваччу; смуглымі камякамі між густых елак ціснуўся змрок. Людзкога жыцьця — ані знаку.

Улева прасьвечваўся гасьцінец. Не аддаляючыся ад яго, хлопцы прашлі ганоў двое лесам і спыніліся супроціў балот.

— Я думаю гэттака! — сказаў Сёмка.

— Давай.

Прыселі пад ельнікам. Дасталі з-за пазухі пукі проклямацый, дыхнуўшых сьвежаю хварбаю.

— Ты бяжы на той бок і адыдзіся ўперад, а я пачну з гэтуль.

Пятрусь пакінуў Сёмку; выбег на шлях, паглядзеў у вабодва бакі, матнуў рукою і схаваўся ў кустох. Сёмка пашоў за ім, таксама абсачыў шлях — нікога, і пачаў раскладаць белыя паперынкі. Палажыў з дзесятак — пры хвоях — на елках, пры каменьнях… Адагнуўся — ўгледзіў Пятруся. На момант сумеўся. Але тут-жа адышоў і ўвішна, бегаючы завілінамі, далей клаў бунтоўныя думкі на зямлю, каб пасьля перакінуць іх у нутры сялянства.

Хутка шлях ганоў на трое быў убраны проклямацыямі. Хлопцы цешыліся, гледзячы ды падсьцілаючы гусьцей.

Параўняліся з Юкаўскаю дарожкаю, якая выдзялялася з шляху і паварочвала ўлева. Прыпыніліся за ельнікам.

— Рэшту давай за канаўкаю расьсеем.

— Памойму — на Юкаўскай дарозе…

Раптоўны стук калёс перабіў іх: хлопцы тут-жа, як стаялі, пападалі — але не спалохаліся: падводаю поліцыя не паедзе — то з рынку. Прагарнулі раўкі і сталі сачыць, прыслухоўваючыся. На нейкі час стук заціх, а данеслася нявыразная гутарка; пасьля ізноў затарахцелі калёсы. І калі параўнялася з імі падвода, хлопцы ўгледзілі на ёй траіх мужчын, кожны з праклямацыяй у руках. Учуткі чыталі. Па тварах бегала радасная ўхмылка.

Сёмка штырхануў Пятруся ў бок, той азірнуўся — засьмяяліся абое.

— Ці-ж ня прыемна гэта бачыць? — шэптам праказаў Сёмка.

— Я думаю.

Паціху хлопцы адышлі ў кусты і скасілі на Юкаўскую дарогу. Вышлі на яе на крутым загіне, адкуль ня відаць было шляху ні з аднаго, ні з другога боку на сажняў пяць.