Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/289

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЧАСТКА ПЯТАЯ



I

НА ПЁТРУ ў Сілцох фэст. Але людзей вабіць ня гэта, а тое торжышча, якое з даўных-давён адбываецца ў Сілцох у дзень гэтага сьвята.

Штогод Сілцы старанна гатовяцца да яго. З далёкіх аколіц, з суседніх мястэчак, а то і з павятовага гораду зьяжджаюцца на гэты дзень тысячы народу, які напаўняе мястэчка да нельга. Ад раньняга ранку да позьняга вечару вядзецца бойкае, буйнае торжышча. Ідзе гандаль на жывёлу, на збожжа, на рэчы хатняга вырабу. А помеж з гандлем адбываюцца пачосткі па корчмах, запоіны, барыш. Тут ня мала перападае і сілцоўцам. Кожны з іх мае знаёмага на вёсцы, які лічыць сваім абавязкам натрапіць да яго фэстам з цэлаю сям’ёю. А як-жа з госьцем не пачаставацца? Гэта ня часта, а раз ў год. І ідуць пачастункі, вядуцца сватаньні, раскідаюцца запросіны. Пройдзеш па вуліцах Сілцоў, падзівішся на рынку — учуеш песьні, угледзіш пацалункі…

У гэты год, дзякуючы добрай пагодзе, зьезд народу перавысіў папярэднія гады: ужо зранку на рынку мала было вольнага месца. А к палудню ўся плошча да таго была напікована падводамі і людзьмі, што новапрыяжджаючыя мусілі спыняцца ў вуліцах, захопліваючы іх далёка ўбок ад рынку. У сілцоўцаў — дык проціў сьвята занялі ўсе двары… Шырока разьняты кірмаш глушыў мястэчка. Зьлітным грамавым гудам вісела над Сілцамі кірмашовая тарабаршчына. Крыкі гандляроў, — сьмех гуляючых, рагатаньне коняй, рык гавяды, піск сьвіней — усё зьлівалася ў аднушумную басовую ноту. Яе гудзеньне агартала шырокую аколіцу, цягнучы ў свой вір старога і малога. Людзі плылі да рынку, як вада, і ў згушчаным натоўпе, паднімаючы пыл, пацеючы, брудзячыся, удыхаючы цяжкае, смуроднае паветра, мятусіліся, мэрам мурашкі ў разварушаным мурашніку. Між бакі вялікага квадратнага пляцу цягнуліся праходы-дарогі, а па іх