Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/288

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стачках, схаваўшы ня толькі голаў, а і ўвесь твар, у лёгкіх кашульках высока падаткнуўшыся. На зялёных межах выразна адзначаліся тоўстыя ікры ног, як белыя слупкі; над гладзьдзю жытніх палеткаў, ужо пасьпяваючых, калыхаліся пукатыя грудзі. Дзе ішла грамадка — чуліся песьні: неразрыўным касьніком слаліся ад Сілцоў да паплавоў.

Абед рабіў перабой разгойданай працы: касцы клалі на пракосах косы, утыкалі іх пры сабе і ўсаджваліся за яду. Пачыналася гутарка, але не на доўга. Ня можна марнаваць часу: толькі мігалі рукі над гаршкамі. У хвілі спраўляліся з страваю, запівалі падагрэтаю ў баклажцы вадою, уціралі рукавом пот і ізноў браліся за косы. Мянцілі, пазіралі на сонца і на поплаў, адмяралі шагамі правіловасьць мяжы.

Касілі.

А пабялеўшыя пракосы, накошаныя з раньня, перакідаліся грабцамі на другі бок. Мігаліся граблі, і ў агульным выглядзе паяднаная работа касцоў і грабцоў выказвала сабою вясёлую, рэзвую ігру-гулянку ў русалкі, у карагод ці што іншае.

Яшчэ дзівавей стала к вечару, калі на паплавох пачалі ўзрастаць круглыя стройныя копы; яны выступалі мэрам з зямлі, адбягаліся адна ад другой, гналіся за касцамі, ухіляліся ў бакі.

Вяртунамі забягалі між іх шалаўлівыя дзеці. І асеўшае над лесам сонца разагнала іх доўгія цені. Пастухі прыгналі стады кароў: пакоша — каровіна вясельле. Замукалі, зарыкалі, уподбег кінуліся на поплаў. Захрумсталі зубы сочную, маладую травіцу.