Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/284

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выбачайце, — раптам перапрасіў Сроль: — мы да таго засядзеліся, што далей нельга; а тымчасам Сёмка галодны сядзіць. Даруйце, што перашкодзілі вам цэлы вечар… Самі павячэралі, а людзям…

Яны накіравалі да дзьвярэй.

— Ды нічога. Думаеце, мы вас сароміліся-б, каб ужо вельмі хацелі есьці? — супакоіў Сёмка.

— Усё-ж нам пара ісьці.

Хведар зьлез з месца і намерыўся прайсьці за хлопцамі.

— Выбачайце, што горача пагутарылі з вамі. Усяк бывае…

— Ды што вы! — у адзін голас загаварылі Сроль з Віктарам: — Хто мог падумаць гэта? Ласьне мы ня ведаем цёткі ці дзядзькі? Вось калі! Наадворат — яшчэ нам трэба перапрасіць вас. Бывайце здаровы!

— Ідзеце здаровы, дзеткі.

Яны вышлі з хаты. Хведар пашоў за імі. А Сёмка адвярнуўся к акну і пачакаў, пакауль таварышы прайдуць міма.

— Ну, бывай! — кінуў Віктар.

— Прыходзьце нядзеляю!

— Яшчэ мо’ і да нядзелі разоў пяць наведаем.

Апошнія словы Сроль падаў з канца двара, пасьля чаго хлопцы схаваліся за рогам. Сёмка паглядзеў усьлед ім, адале кінуў узрокам на неба.

— І цямнюткая-ж ноч! — зьдзіўлена праказаў сам сабе: — а паветра — мэрам-бы хто разьліў луг. Проста, як у дзень! Добрая ўстанавілася пагода. Каб толькі так пастаяла які тыдзень — то ўжо і касіць патрэбна.

— Ды будзе ня будзе пагоды, а дзён праз дзесяць трэба зьбірацца на касавіцу, — рассудзіў Хведар.

Саламея падала вячэру на стол.

— Будзеце хлопца.

Хведар падышоў да ложка і пачаў катурхаць Ігнатку. Хлапец паварушыўся і штосьці замармытаў.

— Уставай! Зьверадзіўся вельмі!

За вячэраю ўзьнялася хатняя гутарка.

— А ў каго вы куплялі косы? Ці добрыя хаця будуць? — запытаў Сёмка бацькі.

— Хто іх ведае: выбіраць-то я, здаецца, выбіраў старанна.