Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Чаму-ж бы мне не аб’ехаць іх хаты», папікнуў сябе Семка і спыніўся:

— А хай-бы даехала да студні.

— Усё роўна, дайду. Ты яшчэ будзеш каня паіць ды што, а я проста пайду…

Яна зьняла з возу мех, падкінула на плечы і, падзякаваўшы Сёмку, пасьпешна пашла ўперад. Сёмка знарок некалькі хвілін пратрымаў каня спыненым, а пасьля ціха рушыў сьледам за Зосяю. Ён бачыў, як яна, параўняўшыся з Берагаваю хатаю, ускорыла хаду і за рэчкаю патанула ў цені. Даехаўшы да Берагоў, ён угледзеў вялікае сьвятло ў іх хаце і пачуў рэзвую дзелавую гамонку. Стала ясна, чаму Зося ня ехала з ім.

«Якая асьцярожная ўсё-ж», праказаў Сёмка па яе адрасу і павярнуў каня ў бок студні.


IV

ПРЫЧЫНАЮ таго, што ў Берагавай хаце жукацела сьвятло ды шла гучная гутарка, была невялічкая, зусім выпадковая суседзкая бяседа. Яе выклікаў сваёю асобаю старшыня Андрэй, які наведаў Берагоў па справе куплі імі пляцу ў мешчаніна Шэі Краўца, на які пазарыўся сусед Шэі і завёў гутарку аб тым, каб памяшаць Берагом. Старшыня прышоў папярэдзіць Тадосю, а якраз у хаце іх папаўся і Апанас Хрыпак, Берагаў памежнік. Гэта надаўміла Тадосю пачаставаць рэдкіх гасьцей. У дадатак яны пазвалі Хлёра і Дзям’яна Квіту.

Усадзіўшы ўсіх за стол, Васіль з мацераю, ня ўмеру раздобраныя, тупалі вакол стала і шчыра ўпрашвалі іх выбачыць іх ашчаднасьці і закусіць.

— Чым хата багата! — пераказвала разьвясёленая Тадося: — затое, даражэнькія, калі прыжджом Васілёвага вясельля, дык ня гэтак загуляем!.. Закусвайце — вы-ж у нас рэдкія госьці. Як бачыце — сёе-тое прыдбана. Сяк-так перажылі цяжкую пару, калі мне аднэй даводзілася на ўсе бакі кідацца… Ведаеце, мае даражэнькія, як пакінуў мяне гаспадар, дык так прыпякло, так прыпякло, што я думала — не акрыяю ніколі: вядома, адна. Васіль яшчэ малы, а гаспадарства, нелапое, — што-ж ты аднэй бабе зробіш. Дзякаваць, Хлёр пасобіў, а то-б… ну, а цяпер усё іначай. Цяпер я пані. Мой Васіль — усё мае…