Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/273

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няма чаго казаць, — патураў Тадосі старшыня: — ты маладзец кабета; я ўжо сяджу і думаю сабе: добра выкруцілася Тадося, пахавала гаспадара, нацярпелася, а ўсё-ж і з гаспадарствам справілася, і сына выхавала, як ляльку, ды жаніць прычакала. Відаць, што ты цяпер непакрыўджана ў жыцьці…

— Так, майго Васільку, каб не ўрачы, усе любяць за яго людзькасьць і самавітасьць. Бацюшка-ж — дык не нацешыцца, бо, прызнацца, апроч усяго, ён у мяне і набожны. Жывём — а ніколі ня сварымся, як то бывае ў іншых. Трэба мне — я ўступаю, прыходзіцца яму — ён падаецца; ніякіх супярэчак у хаце. Вось і цяпер, — парадзіліся з Хлёрам, каб жаніць — сказалі яму, і хоць-бы слова — добра. Намякнулі на Прыдатчанку — добра.

Васіль маўкліва слухаў мацерыну атэстацыю і цішком толькі падліваў дзядзькам гарэлку ды падсоўваў закуску. Чуючы іншыя лісьлівыя словы ад мацеры, ён адварочваўся ў акно і паглядаў у цемру надворку. І толькі тады, калі Тадося перашла да вясельля, Васіль пачуў некаторую каразьлівасьць гутаркі і перасьцярог мацеру:

— Ды будзе ўжо вам так расхвальваць мяне…

— Чаму? Ласьне я ганьбую цябе? Можна ўсім ведаць аб тваіх дадатных бакох, не пашкодзіць гэта… — не здаволілася Тадося.

— Так, так, так, — уставіў старшыня: — каб я меў гэткага сына, як ты, нічога не хацеў-бы. Сваё званьне з прыдачаю аддаў-бы… Нават… — ён павесялеў і прыняў іншую, зухвальскую міну. — Каб ды ведаў, што будзе такі сын, прылажыў-бы ўсе стараньні мець яго…

Гэтыя словы расьсьмяшылі ўсіх; засмяяўся і старшыня.

— Ну, вядома, — дадаў ён: — абы якіх то і радзіць ня варта; я такога правіла трымаюся. А харошага сына мець — трэба быць шчасьлівым.

— Жартаўнік наш старшыня! — выказаўся Апанас і пастукаў Андрэя па плячы.

Гэта фамільярнасьць казала за сьмеласьць, якую прыдала Апанасу гарэлка. Увашлі ў вясёлы настрой Дзям’ян і Хлёр. Апошні шчыра паціснуў руку старшыні за яго словы, а Дзям’ян нават памкнуўся падняцца, каб пацалаваць Андрэя, але раптам перадумаў і толькі няпрыкметна дзеля другіх пашавяліў губамі.