Старонка:Збор твораў (Гартны, 1929—1932). Том 3.pdf/270

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ну усё-ж, вельмі крыўдаваў на мяне Рыгор?

— Чаго табе хочацца? Ну, крыўдаваў… крыўдаваў за тое, што ня мог паперашкодзіць бацькавай волі. Так, крыўдаваў, але на сябе. А на цябе — нізваньня. За вошта мог ён крыўдаваць на цябе, калі ён так цябе шануе, шануе…

Зося абярнулася ў адно прагнае чуцьцё. Міжвольна падбліжылася да Сёмкі, ажно кранула яго шчакі сваёю, ды лісьліва, завабна паглядала ў яго замрочаны твар. Толькі-б ён казаў праўду! Толькі-б не прыхарошваў ды не прыбаўляў? Толькі-бы не суцяшаў! Ёй ня трэба абманчывых мар!

— Ну, што-ж ён хаця казаў? Што ён думае…

— Рыгор у многае верыць і на многае спадзяецца… Між іншым, ён прасіў мяне перадаць табе ўклон.

— Ты ня хлусіш?

— Што ты, Зося, ушалопала сабе!

Сёмка нокнуў і абярнуўся да Зосі, пачуў цеплату яе цела. Тут-жа раптам прыпомніў Ганну. Вакзал у Ліцку, суматоха, бегатня, процьма людзей і між усіма — Ганна. Падобная на Зосю, як блізьнец.

Ён прыгледзеўся Зосі ў вочы і падумаў: «Якое ўражаньне яна зрабіла-б цяпер на Рыгора?»

Перад Сёмкам вырас радасны твар Рыгора, калі той угледзеў Ганну. «Пэўна, ён ужо зусім іначай думае аб Зосі», і Сёмка пашкадаваў суседкі, як брат шкадуе сястры: «Зося ня ведае таго і ня трэба, каб ведала».

— Ды што і за карысьць, што ён думаў пра мяне. Усё роўна ад гэтага мала карысьці, — уздыхнула Зося.

— Чаму?

— Ці-ж ты ня ведаеш? У мяне вызначаны шлях.

— Усё ў тваёй волі.

— Кінь-кінь, Сёмка. Мне тое самае казаў Рыгор. Я сама гэта ведаю, але я ня ў сілах што-колечы зрабіць. Мне трэба падмога — трэба, бо я… тану. На мяне напала моцная варожая сіла, якая або задушыць мяне, або прывядзе да роспачы, да няпрытомнасьці, і тады толькі…

У Зосіных словах зычэла праўда: яна выкладалася Зосяю ў абголеным страшным выглядзе. Ці-ж сароміцца таварыша? Але ўсю цяжкую няпрыкрытасьць гэтае праўды Сёмка сам ведаў і адчуваў. Болей таго: калі ён дапускаў мажлівае захап-